У онлайн-апытаньні пра стаўленьне і ацэнку адукацыі ў Беларусі, праведзеным у жніўні 2023 году, узялі ўдзел 1002 паўналетнія жыхары гарадоў з насельніцтвам ад 5 тысяч чалавек.
За тое, каб ніяк не мяняць колькасьць прадметаў, якія выкладаюцца па-расейску і па-беларуску, выступіла 70% рэспандэнтаў. Павелічэньне колькасьці прадметаў, якія вывучаюцца па-беларуску, за кошт скарачэньня расейскамоўнай практыкі падтрымала 16% апытаных, а наадварот — 7%. Астатнія са сваёй думкай ня вызначыліся.
«Калі мы кажам, што варта пашыраць беларускую мову ў школе, мы павінны разумець, што гэта будзе выклікаць нэгатыўную рэакцыю. Каб адбыліся зьмены, трэба ў першую чаргу мяняць сацыяльны статус беларускай мовы», — адзначыў Ластоўскі. На яго думку, калі беларуская мова будзе ўспрымацца «як фактар прафэсійнага посьпеху, кар’еры», то яе пашырэньне ў школьнай адукацыі будзе ўспрымацца пазытыўна.
Згодна з дасьледаваньнем, павелічэньня гадзін вывучэньня замежных моў у школах, гімназіях, ліцэях хоча 48% рэспандэнтаў, скарачэньня — 5%, захаваньня цяперашняга ўзроўню — 41%. Астатнія адказаць не змаглі.
На пытаньне, якія замежныя мовы варта выкладаць у школах (з магчымасьцю даць некалькі адказаў), ангельскую назвалі 93% апытаных, кітайскую — 49%, нямецкую — 24%, польскую — 10%, францускую — 8%, гішпанскую — 5%, іншую — 2%. Ня мелі адказу 4% удзельнікаў апытаньня.
Згодна з дасьледаваньнем, дастаткова часта чытаюць кнігі ці праслухоўваюць іх аўдыёвэрсіі 48% рэспандэнтаў (кожны дзень — 15%, некалькі разоў на тыдзень — 21%, хаця б раз на тыдзень — 12%), пэрыядычна — 18% (хаця б раз на два тыдні — 7%, раз на месяц — 11%), вельмі рэдка — 33% (некалькі разоў на год — 16%, ніколі за апошні год — 17%).
На расейскай мове кнігі чытаюць ці слухаюць 99% рэспандэнтаў, на беларускай — толькі 14% (больш за астатніх — людзі ва ўзросьце 18–24 гадоў і 55+), ангельскай — 6%, іншых мовах — 1%.
Дасьледаваньне паказала, што больш за палову гараджан ня лічаць неабходнай у школах, гімназіях і ліцэях духоўную ці рэлігійную адукацыю. Пра тое, што яна дакладна не патрэбная, заявілі 24% апытаных (ва ўзросьце 18–24 гадоў — 34%), хутчэй не патрэбная — 30% (40%). Дакладна патрэбнай яе лічаць 12% рэспандэнтаў (4%), хутчэй патрэбнай — 29% (18%). Не змаглі адказаць 6% і 5% адпаведна.
- Паводле ўсеагульнага перапісу 2019 году, у Беларусі доля тых, для каго беларуская мова — родная, вырасла да 54%, у тым ліку сярод беларусаў — да 61,2%.