Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кеніі толькі ў адным з 6 самых масавых выданьняў згадалі візыт Лукашэнкі


Аляксандар Лукашэнка 10 сьнежня сустрэўся з прэзыдэнтам Кеніі Ўільямам Рута
Аляксандар Лукашэнка 10 сьнежня сустрэўся з прэзыдэнтам Кеніі Ўільямам Рута

Аляксандар Лукашэнка з 1 сьнежня знаходзіцца ў замежных візытах.

У Кеніі толькі адно выданьне паведаміла аб візыце Аляксандра Лукашэнкі і ягонай сустрэчы з кіраўніком дзяржавы Ўільямам Рута.

Штодзённая выданьне «The Standaгd», якое мае наклад 150 тысяч асобнікаў, паведаміла аб сустрэчы з спасылкай на паведамленьне прэзыдэнта Кеніі ў сацыяльнай сетцы X (колішні Twitter).

«Сустрэўся з прэзыдэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, дамовіўся пашырыць нашы сувязі ў галіне аднаўляльнай энэргетыкі, гандлю, інвэстыцый і адукацыі», — паведаміў Уільям Рута.

У іншым паведамленьні прэзыдэнт Кеніі адзначыў, што ягоная дзяржава зацікаўленая ў выкарыстаньні «перадавых тэхналёгій усходнеэўрапейскай краіны ў сельскай гаспадарцы для павелічэньня вытворчасьці».

Выданьне The Standaгd нагадала, што гэта другая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўільяма Рута за апошнія некалькі дзён — першая адбылася ў кулюарах Канфэрэнцыі ААН аб зьменах клімату ў Дубаі (ААЭ).

У Кеніі выдаецца каля 60 газэт і журналаў. The Standaгd займае другое месца па накладзе. Штодзённае выданьне Daily Nation (200 тысяч асобнікаў) пакуль нічога не напісала пра візыт Аляксандра Лукашэнкі. Іншыя выданьні — Business Daily (20 тысяч), The East African (20 тысяч), The Star (50 тысяч) і Реорlе Daily (20 тысяч) — раней або ўвогуле не пісалі пра Аляксандра Лукашэнку, або згадвалі ягонае імя ў кантэксьце падтрыманьня расейскай вайны ва Ўкраіне, перамяшчэньні вагнэраўцаў у Беларусь, гібелі ўласьніка вайсковай кампаніі «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына і мігранцкага крызісу ў Эўропе.

Лукашэнка вярнуўся ў ААЭ дзеля адной сустрэчы

Сродкі масавай інфармацыі Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў таксама няшмат пісалі пра візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Дубаі на Канфэрэнцыю ААН аб зьменах клімату. Як вядома, пасьля выступу на Канфэрэнцыі ААН Лукашэнка накіраваўся зь візытамі ў Кітай і афрыканскія краіны, а 4 сьнежня вярнуўся ў ААЭ, гэтым разам у сталіцу Абу-Дабі.

Ангельскамоўнае выданьне Gulf News (наклад 108 тысяч асобнікаў) 8 сьнежня паведаміла аб сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з прэзыдэнтам ААЭ, шэйхам Мухамадам ібн Заідам аль-Нагаянам.

У паведамленьні адзначаецца, што на сустрэчы абмеркавалі «пэрспэктывы вываду супрацоўніцтва на больш высокі ўзровень, асабліва ў эканоміцы, інвэстыцыях, разьвіцьці аднаўляльнай энэргіі, каб гэта адпавядала імкненьням дзьвюх краін і іх народаў да ўстойлівага разьвіцьця і росквіту».

Мікалай і Віктар Лукашэнкі на сустрэчы з прэзыдэнтам ААЭ, Абу-Дабі, 8 сьнежня 2023
Мікалай і Віктар Лукашэнкі на сустрэчы з прэзыдэнтам ААЭ, Абу-Дабі, 8 сьнежня 2023

Выданьне таксама апублікавала невялікі відэаролік з гэтай сустрэчы, у якой удзельнічалі два сыны Лукашэнкі — Віктар і Мікалай. На адным з кадраў відаць, што ў Лукашэнкі трасецца галава.

Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з прэзыдэнтам ААЭ, Абу-Дабі, 8 сьнежня 2023
Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з прэзыдэнтам ААЭ, Абу-Дабі, 8 сьнежня 2023

«Абодва бакі таксама абмяняліся думкамі ў шэрагу рэгіянальных і міжнародных пытаньняў, якія маюць агульны інтарэс, галоўнымі зь якіх зьяўляюцца падзеі на Блізкім Усходзе і важнасьць усталяваньня справядлівага і трывалага міру, які забясьпечыць спрыяльныя ўмовы для стабільнасьці, супрацоўніцтва і разьвіцьця на карысьць усіх народаў рэгіёну», — адзначаецца ў матэрыяле.

Вельмі кароткае паведамленьне аб гэтай сустрэчы надрукавала прыватнае ангельскамоўнае выданьне The National (наклад звыш 60 тысяч). З тэмаў абмеркаваньня журналіст выданьня выбраў толькі сытуацыю на Блізкім Усходзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG