Акрамя зьмены патрабаваньняў да кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі, аптымізаваньня яго абавязкаў па ахове дзяржаўнага сувэрэнітэту, нацыянальнай бясьпекі і тэрытарыяльнай цэласнасьці, закон урэгулёўвае статус прэзыдэнта, які «спыніў выкананьне сваіх абавязкаў» «у сувязі з сканчэньнем тэрміну яго знаходжаньня на пасадзе, адстаўкі альбо няздольнасьці па стане здароўя выконваць свае абавязкі, а таксама гарантый яму і чальцам яго сям’і».
Таксама законапраект фактычна адсякае ад удзелу ў выбарах палітычную эміграцыю. Так, у адпаведнасьці з новай рэдакцыяй закону і Канстытуцыі Беларусі, папраўкі да якой былі «прынятыя» на «рэфэрэндуме» 27 лютага 2022 году, кандыдат у прэзыдэнты павінен пражываць на тэрыторыі Беларусі ня менш за 20 гадоў непасрэдна перад выбарамі, ня мець грамадзянства ці дазволу на жыхарства замежнай краіны.
Таксама прэзыдэнт у адпаведнасьці з папраўкамі «ня можа быць прыцягнуты да адказнасьці за дзеяньні, учыненыя ім у сувязі з выкананьнем прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў».
Папраўкі ў закон аб прэзыдэнце, якія разглядаюцца, пазначаць статус прэзыдэнта і яго сям’і на пэнсіі, бо на рэфэрэндуме статус «прэзыдэнта на пэнсіі і яго сям’і» ня быў урэгуляваны. У адпаведнасьці з папраўкамі, былы прэзыдэнт надзяляецца недатыкальнасьцю. Забараняецца прыцягваць да адказнасьці і пазбаўляць свабоды былога прэзыдэнта за дзеяньні, якія ён зьдзейсьніў у сувязі з выкананьнем службовых паўнамоцтваў.