Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея, Ірак і саудаўцы ня хочуць адмаўляцца ад выкапнёвага паліва


Дубай
Дубай

Саудаўская Арабія, Расея і Ірак выступаюць супраць таго, каб міжнародная супольнасьць прыняла рашэньне аб поўнай адмове ад выкарыстаньня вугалю, нафты і газу.

Гэтыя краіны адкрыта выказалі сваю нязгоду на 28-й Канфэрэнцыі бакоў Рамачнай канвэнцыі ААН аб зьмяненьні клімату (COP28) у Дубаі, паведаміла ў нядзелю, 3 сьнежня, заснавальнік і выканаўчы дырэктар экалягічнай арганізацыі Destination Zero Кэтрын Абру. Інфармацыю таксама пацьвердзіла нямецкаму агенцтву dpa крыніца ў іншай няўрадавай арганізацыі. Пра гэта піша DW.

Па словах Абру, той факт, што асноўная ўвага ўдзельнікаў СОР28 накіравана на паступовую адмову ад выкапнёвых відаў паліва, да якога заклікаюць больш за 100 дзяржаў, выклікаў крытыку і з боку кіраўніка амэрыканскай нафтагазавай кампаніі ExxonMobil Дарэна Вудса.

Між тым генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш упэўнены, што толькі поўная адмова ад выкарыстаньня выкапнёвых відаў паліва дазволіць чалавецтву ўтрымаць глябальнае пацяпленьне на ўзроўні 1,5 градуса Цэльсія.

На ўсясьветны кліматычны саміт запрасілі кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў, лідэраў грамадзкіх, моладзевых і бізнэс-арганізацыяў з 197 краін, якія пагадзіліся з Рамкавай канвэнцыяй Арганізацыі Абʼяднаных Нацыяў аб зьменах клімату (1992).

Паводле папярэдніх падлікаў, усяго за два тыдні ў форуме ўзялі ўдзел больш за 36 тысяч дэлегатаў і да 70 тысяч наведнікаў.

Што прадугледжвае канвэнцыя аб зьменах клімату, ці ёсьць прагрэс у яе выкананьні

Канвэнцыя вымагае ад дзяржаваў рабіць захады, каб зьменшыць «небясьпечны ўплыў дзейнасьці чалавека на клімат», стабілізаваць узровень выкідаў парніковых газаў і гэтым перадухіліць імаверны кліматычны крызіс.

Штогод ААН склікае адмысловую канфэрэнцыю, каб ацаніць прагрэс дзяржаваў у выкананьні сваіх абавязаньняў.

Як адзначаюць экспэрты, нягледзячы на амбіцыйныя абавязаньні, дзяржавы дзейнічаюць вельмі павольна.

На сёлетняй канфэрэнцыі хочуць распрацаваць глябальны плян скарачэньня спальваньня выкапнёвага паліва, бо яно небясьпечна награвае плянэту.

Летась на саміце ў Шарм-эль-Шэйху (Эгіпет) краіны пагадзіліся заснаваць фонд дапамогі бедным і ўразьлівым краінам у барацьбе з кліматычнымі зьменамі, якія выклікаюць парніковыя газы, выпрацаваныя прамысловасьцю разьвітых краін.

Пакуль колькасьць выкідаў скарацілася неістотна, а краіны, якія здабываюць і выкарыстоўваюць газ, нафту і вугаль, не сьпяшаюцца адмаўляцца ад выкапнёвага паліва. Той жа Эгіпет, які прымаў летась саміт, у яго кулюарах заключаў дамовы аб пастаўках прыроднага газу ў Эўропу.

Чаму гэта важна

Навукоўцы лічаць, што павелічэньне сярэдніх глябальных тэмпэратураў на 1,5 градуса Цэльсія ёсьць парогам, пасьля якога чалавецтву будзе ўсё цяжэй даваць рады моцным штормам, засухам, сьпякоце і павышэньню ўзроўню мора. Цяпер тэмпэратура ўжо паднялася на 1,2 градуса Цэльсія, а выкіды, якія выклікаюць зьмены, растуць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG