Паліцыя хутка затрымала 26-гадовага мужчыну, грамадзяніна Францыі, ужыўшы электрашокер.
Узброены нажом падазраваны атакаваў увечар у суботу сямейную пару. Гэта адбылося на набярэжнай Грэнэль, за некалькі крокаў ад Эйфэлевай вежы. У ходзе інцыдэнту быў сьмяротна паранены грамадзянін Нямеччыны. Ужо пасьля таго, як падазраванага пачала перасьледаваць паліцыя, ён напаў з малатком яшчэ на двух чалавек (адным зь іх быў грамадзянін Вялікабрытаніі), пасьля чаго быў затрыманы.
У 2016 годзе падазраваны быў прыгавораны да чатырох гадоў турэмнага зьняволеньня за плянаваньне тэракту і знаходзіўся ў сьпісе назіраньня францускіх службаў бясьпекі. Нападнік пакутуе на псыхічныя разлады.
«Я выказваю спачуваньні сям'і і блізкім грамадзяніна Нямеччыны, які загінуў сёньня вечарам у выніку тэрарыстычнага нападу ў Парыжы, і спачуваю тым, хто атрымаў раненьні», – заявіў Макрон на плятформе X (былы Twitter).
Па словах паліцыі, падазраваны выгукнуў «Алах акбар», а пасьля затрыманьня сказаў паліцыянтам, што прыгнечаны гібельлю мусульман «у Аўганістане і Палестыне».
Француская антытэрарыстычная пракуратура вядзе расьсьледаваньне інцыдэнту.