Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ByPol абвінаваціў былога супрацоўніка ў крадзяжы $191 тысячы і рыхтуе пазоў у суд. Ёсьць камэнтар другога боку


Мацьвей Купрэйчык і Аляксандар Азараў. Каляж
Мацьвей Купрэйчык і Аляксандар Азараў. Каляж

На ютуб-канале ByPol зьявіўся відэаматэрыял пад назвай «Куды зьнікла частка данатаў на Плян «Перамога». У ім супрацоўнік арганізацыі Станіслаў Лупаносаў абвінаваціў былога калегу пра арганізацыі Мацьвея Купрэйчыка ў крадзяжы грошай, прызначаных для падпольля ў Беларусі.

У выніку скандалу ўлетку гэтага году, арганізацыя раскалолася на дзьве — ByPol і BelPol. Лупаносаў паўтарыў ранейшыя словы, што канфлікт у ByPol пачаўся ў пачатку чэрвеня, калі супрацоўнікам арганізацыі было прапанавана прайсьці паліграф. Але, паводле Лупаносава, ня ўсе на гэта пагадзіліся. Тыя, хто адмовіўся прайсьці паліграф, былі звольненыя ў сувязі са стратай даверу. Сярод іх і Мацьвей Купрэйчык.

«Прызнаёмся, што яшчэ задоўга да расколу ў нас узьніклі падазрэньні наконт фінансавай несумленнасьці аднаго з супрацоўнікаў — Мацьвея Купрэйчыка, які падчас працы ў арганізацыі адказваў за данаты». — сьцьвярджае Лупаносаў.

Ён расказаў, што электронныя гаманцы арганізацыі былі зарэгістраваныя ў пачатку 2021 году менавіта на Мацьвея Купрэйчыка. Гэта адбылося яшчэ да афіцыйнай рэгістрацыі самой арганізацыі. Але ў сувязі з тым, што ў арганізацыі быў давер да ўсіх яе чальцоў, то ніякай перарэгістрацыі гаманцоў не рабілі.

«Вельмі дарэмна, скажаце вы і будзеце мець рацыю. Менавіта ў выніку злоўжываньня даверам Мацьвей Купрэйчык пакінуў сабе ўсе мэдыярэсурсы і гаманцы арганізацыі, разам з усімі грашыма, якія прызначаліся для беларускіх партызанаў», — сказаў Лупаносаў.

Паводле яго, Мацьвей Купрэйчык адказваў за данаты і не разгалошваў паролі ад гаманцоў у мэтах бясьпекі.

«Акрамя таго, Купрэйчык атрымліваў наяўныя сродкі ад донараў, якія жадалі падтрымаць ByPol. Ужо пасьля мы даведаліся, што ў Вільні Купрэйчыку перадавалі грошы для разьвіцьця арганізацыі, пра што ён не паведаміў кіраўніцтву ByPol. Пасьля звальненьня, падчас сустрэчы са Сьвятланай Ціханоўскай, Купрэйчык сам пацьвердзіў, што прысабечыў сабе 5000 эўра з данатаў, атрыманых ад прыватнай асобы». — сказаў Лупаносаў.

Ён сьцьвярджае, што пасьля звальненьня Купрэйчыка ByPol правёў фінансавае расьсьледаваньне і выявіў невядомыя пераводы і вывад грошай на суму 191 тысячы даляраў.

«Грошы, якія павінны былі пайсьці на набыцьцё абсталяваньня для беларускіх партызанаў, былі скрадзеныя», — гаворыцца ў матэрыяле ByPol.

Паводле Станіслава Лупаносава, ByPol рыхтуе па гэтай справе позвы ў польскі суд. У матэрыяле няма інфармацыі, што згаданая сума магла быць пераведзеная на рахункі новай арганізацыі BelPol і сьцьвярджаецца, што сродкі пайшлі на прыватныя мэты Купрэйчыка.

Радыё Свабода папрасіла пракамэнтаваць інфармацыю, якую агучыў Станіслаў Лупанасоў, у прэс-службы BelPol.

«Аб'яднаньне сілавікоў дэмакратычнай Беларусі BelPol заяўляе, што распаўсюджаныя прадстаўнікамі фонду ByPol зьвесткі пра нібыта датычнасьць нашых супрацоўнікаў да крадзяжу данатаў беларусаў зьяўляюцца абсалютнай хлусьнёй. Далейшы разбор у гэтым пытаньні будзе праводзіцца ў юрыдычнай плашчыні ў адпаведнасьці з нормамі заканадаўства». — паведаміла Свабодзе прэс-служба BelPol.

Канфлікт у ByPol

8 чэрвеня ў ByPol здарыўся скандал, калі прадстаўнік ByPol Аляксандар Азараў заявіў аб тым, што сацсеткі арганізацыі былі захопленыя. Зрабіў гэта, паводле Азарава, работнік ByPol Мацьвей Купрэйчык.

Ён быў сярод некалькіх работнікаў, якія нібыта адмовіліся праходзіць паліграф і таму іх звольнілі. У сваю чаргу, у самім тэлеграм-канале ByPol апублікавалі допіс, што Аляксандар Азараў ня ёсьць і ніколі ня быў заснавальнікам або кіраўніком ByPol.

На пачатку ліпеня частка актыву арганізацыі афіцыйна паведаміла пра аднаўленьне працы пад новым брэндам. Яны заявілі, што намагаліся «захаваць калектыў прафэсіяналаў» і паведамілі, што ўзялі новую назву арганізацыі, BelPol. Да іх далучыўся і Андрэй Астаповіч, які ў 2020 годзе быў адным са стваральнікаў ByPol.

У выніку канфлікту была створаная арганізацыя BelPol, а Азараў страціў пасаду ў Аб’яднаным пераходным кабінэце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG