Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памерла праўнучка Францішка Багушэвіча. У 7 гадоў яе разам з маці і братам бальшавікі выслалі ў Сібір


Францішак Багушэвіч
Францішак Багушэвіч

У Варшаве памерла Крыстына Шманьда, праўнучка клясіка беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча.

Пра гэта паведаміў у сваім Фэйсбуку журналіст Віктар Шукеловіч.

Шманьда нарадзілася ў 1932 годзе пад Смаргонямі. Тады гэта быў Ашмянскі павет Віленскага ваяводзтва ў складзе Польшчы. Яе маці Станіслава Тамашэўская была сярэдняй дачкой Тамаша Багушэвіча, сына паэта Францішка Багушэвіча.

«Калі Крыстыне было 7 гадоў, яе разам з маці і братам бальшавікі выслалі ў Сібір. Большасьць яе ўспамінаў з тых часоў была пра ежу: пра дзікую моркву на лузе, кіслую капусту, сланечнікавыя жамерыны з фабрыкі алею, ляндрынку ад суседа, якая тады здалася ёй найвялікшым смакоцьцем у сьвеце...», — піша Шукеловіч.

З высылкі сям’я Тамашэўскіх здолела выбрацца ў 1942 годзе, калі ў СССР падчас Другой сусьветнай вайны фармавалася польская Армія Андэрса. Спачатку Тамашэўскія перабраліся ў Пэрсію, а пасьля ў Індыю.

Толькі ў 1947 годзе Станіслава Тамашэўская зь дзецьмі змаглі пакінуць Індыю ды выехаць у Польшчу, дзе ўзьяднаньня зь сям’ёй чакаў муж і бацька Юзаф Тамашэўскі. Падчас вайны ён змагаўся ў Арміі Краёвай на Ашмяншчыне, а пасьля заканчэньня баявых дзеяньняў здолеў выехаць у Польшчу на землі, атрыманыя ад Нямеччыны.

Сямʼя Тамашэўскіх жыла ў горадзе Гіжыцку на Мазурах. Крыстына ж пасьля заканчэньня хімічнага факультэту ў Познані пераехала разам з мужам, хімікам і музыкам, у Варшаву. Тут яна працавала настаўніцай хіміі ў школе.

Ніхто зь прамых нашчадкаў Францішка Багушэвіча цяпер не жыве ў Беларусі: некаторыя зь іх жывуць у Польшчы, а некаторыя — у ЗША.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG