Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі заплянавалі падняць падаткі з багатых і пасьпяховых


Рэклямны постэр аб падатках у Менску. Архіўнае фота
Рэклямны постэр аб падатках у Менску. Архіўнае фота

Паводле афіцыйных СМІ, гэта робіцца дзеля дасягненьня «сацыяльнай справядлівасьці».

Як піша афіцыйная газэта «Беларусь сегодня», Палата прадстаўнікоў прыме зьмены ў Падатковы кодэкс, павысіўшы з наступнага году падаткі для людзей з высокімі даходамі і высокарэнтабельнага бізнэсу.

Старшыня камісіі эканомікі, бюджэту і фінансаў Палаты прадстаўнікоў Тацяна Рунец шчыра паведаміла, што навацыі прымаюцца «для фармаваньня неабходнай падатковай базы на 2024 год».

З 13 да 25 працэнтаў падымуцца стаўкі падаходнага падатку для фізычных асобаў, для часткі даходаў, якія перавышаюць 200 тысяч беларускіх рублёў за год. Выданьне паведамляе, што такіх людзей у Беларусі каля 2 тысяч чалавек.

У 10 разоў падвысіцца транспартны падатак на машыны клясы «люкс», з часу выпуску якіх прайшло ня меней як тры гады, падвысяцца падаткі на камэрцыйную нерухомасьць плошчай больш за 200 квадратных мэтраў.

Вырастуць да расейскага ўзроўню падаткі на вырабы з тытуню, вадкасьці для электронных сыстэмаў курэньня, на 7 працэнтаў падвысіцца падаткі на валоданьне сабакам, зямельны падатак, падатак на гульні і рамесны падатак. Прадбачана таксама кансалідацыя ўсіх падаткаў, якія павінен плаціць грамадзянін, у адзін «маёмасны плацеж».

Што тычыцца буйнога бізнэсу, то тут таксама не пашчасьціць пасьпяховым. З 20 да 25% падвышаецца падатак на прыбытак для суб’ектаў гаспадараньня любых формаў уласнасьці, калі яны атрымалі прыбытак больш за 25 мільёнаў рублёў за год.

Вырастуць стаўкі падаходнага падатку з 20 да 30% для індывідуальных прадпрымальнікаў, пры атрыманьні валавой выручкі больш за 500 тысяч рублёў за год, з 2025 года такія ІП павінны трансфармавацца ў іншыя формы гаспадарчай дзейнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG