Апошнія гады спартоўку перасьледавалі траўмы, гэта і стала прычынай завяршэньня кар'еры.
Як расказала Аліна Талай у сваім інстаграме, перад алімпіядай у Токіё 2021 году яна атрымала сурʼёзную траўму, разрыў ахілавага сухажыльля, і не змагла прыняць удзел у Гульнях. Пэрыяд аднаўленьня, паводле яе, быў «вельмі доўгім і вельмі цяжкім», і «трываць боль на працягу такога доўгага часу (а ўсё пачалося яшчэ ў далёкім 2018-м зь пералому ў ступні, гэта значыць амаль 5 гадоў) было проста вышэй за мае сілы», адзначыла бягуха.
«Я прыняла рашэньне, што гэты пэрыяд павінен, нарэшце завяршыцца. Прыйшоў час ставіць новыя мэты і ісьці насустрач іншым марам», — напісала Аліна Талай.
Яна паведаміла, што пасьля завяршэньня спартовай карʼеры мае намер заняцца трэнэрскай дзейнасьцю.
- Калісьці Аліна Талай была актыўнай папулярызатаркай беларускай мовы, брала ўдзел у разнастайных ініцыятывах у яе падтрымку, а таксама выказвалася ў інтэрвію ў падтрымку бел-чырвона-белага сьцяга і герба «Пагоня».
- У той жа час у жніўні 2020-га, калі многія вядомыя спартоўцы падпісалі ліст за сумленныя выбары і супраць гвалту над пратэстоўцамі, Аліна Талай ніяк ня выказала сваёй грамадзянскай пазыцыі і ў цэлым зьнікла з мэдыйнай прасторы. Яна прамаўчала і пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, і пасьля пачатку вайны Расеі супраць Украіны.