Унутранае расьсьледаваньне варшаўскага СІЗА ня выявіла парушэньняў у працы супрацоўнікаў датычна самагубства былога беларускага палітвязьня Кірыла Кятуркі, заявіла польская турэмная служба (аналяг беларускага Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў) ў адказ на запыт Hrodna.life.
«Рэанімацыйныя мерапрыемствы, праведзеныя супрацоўнікамі, а потым брыгадай хуткай дапамогі, выніку не далі. У адпаведнасьці зь дзейнымі правіламі, паліцыя і пракуратура правялі расьсьледаваньні. Мерапрыемствы, праведзеныя пэнітэнцыярнай службай, ня выявілі парушэньняў у выкананьні службовых задач супрацоўнікамі, трэція асобы не спрыялі ўзьнікненьню інцыдэнту», — адказаў на запыт Hrodna.life Барташ Мушыньскі, прэс-сакратар дырэктара Акруговай турэмнай службы ў Варшаве.
У той жа час, журналісты адзначаюць, што рэдакцыя Hrodna.life у запыце задала шэраг пытаньняў, на якія польскае ведамства адказаў не дало. Сярод іншага, журналісты спыталі:
- як стала магчымым самагубства ў камэры,
- ці быў Кірыл Кятурка адзін у момант зьдзяйсьненьня самагубства,
- ці ёсьць нейкая сыстэма назіраньня за камэрамі,
- ці працуе ў варшаўскім СІЗА псыхоляг,
- наколькі апраўданыя чуткі пра пагрозу Кірылу дэпартацыяй у Беларусь (пра гэта казалі яго блізкія),
- ці мог нехта паўплываць на Кірыла або запалохаць яго, пакуль ён знаходзіўся ў зьняволеньні, падштурхнуць яго да суіцыду і інш.
- Кірыл Кятурка — 19-гадовы былы палітвязень з Горадні. Яго затрымалі па адміністрацыйнай справе за ўдзел у мітынгу ў 2020 годзе ў 16 гадоў. Калі ён стаў паўналетнім, на яго завялі крымінальную справу. Кірыл зьехаў зь Беларусі, калі яму вырашылі ўзмацніць рэжым утрыманьня на «хатняй хіміі».
- Кірыл жыў у Варшаве, а ў канцы кастрычніка зьнік і перастаў адказваць на паведамленьні ў сацыяльных сетках. Ніхто ня ведаў, дзе ён, і толькі 21 кастрычніка ягонай сям’і патэлефанавалі зь беларускай амбасады ў Польшчы і паведамілі, што яго знайшлі павешаным у польскай турме. Папярэдняя вэрсія сьледзтва — суіцыд.
- Варшаўская пракуратура завяла па факце сьмерці Кірыла справу па арт. 151 КК Польшчы — «Давядзеньне да самагубства».
- Польскі бок прапанаваў крэмацыю, але сваякі настаялі, каб цела перадалі ў Горадню. Кірыла Кятурку пахавалі 2 лістапада побач з бацькам.
- Паводле СМІ, Кірыл трапіў у Цэнтар утрыманьня пад вартай у Варшаве-Служэўцы па падазрэньні ў махлярстве. Знаёмыя хлопца назвалі яго «пешкай» у гэтай справе. Яму пагражала ад 6 месяцаў да 8 гадоў пазбаўленьня волі.