Чэхія распаўсюдзіла сярод краін Эўразьвязу дакумэнт, у якім прапануе ўвесьці абмежаваньне перамяшчэньня расейскіх дыпляматаў па тэрыторыі Эўразьвязу ў рамках 12-га пакету санкцый супраць Расеі. Аб гэтым піша выданьне Financial Times.
Улады Чэхіі лічаць, што расейскія дыпляматы павінны атрымліваць візы і дазволы на жыхарства, якія дазваляюць перамяшчацца толькі па тэрыторыі краіны знаходжаньня, а не па ўсёй Шэнгенскай зоне. Таксама аўтары ініцыятывы прапанавалі прымаць ад дыпляматаў з Расеі пры афармленьні візаў і дазволаў на жыхарства толькі біямэтрычныя пашпарты, якія складаней падрабіць.
Пакуль абмеркаваньне прапановы Чэхіі знаходзіцца на раньняй стадыі. FT мяркуе, што з прычыны складаных юрыдычных пытаньняў гэтая ініцыятыва наўрад ці зьявіцца ўжо ў 12-м пакеце санкцый.
У кастрычніку стала вядома, што бэльгійская служба дзяржаўнай бясьпекі (VSSE) падазрае часовага выканаўцу абавязкаў кіраўніка прадстаўніцтва Расеі ў Эўразьвязе Кірыла Логвінава ў працы на расейскую Службу замежнай выведкі (СВР).
Паводле крыніц выданьняў, якія напісалі пра гэта, бэльгійская выведка падазрае Логвінава і іншых супрацоўнікаў прадстаўніцтва Расеі ў ЭЗ у «сакрэтнай дзейнасьці супраць эўрапейскіх інтарэсаў».
Эўракамісія ў адказ на публікацыю, зрэшты, заявіла, што чыноўнік не зьвязаны з расейскай выведкай.
З пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну шэраг краін Эўразьвязу выслаў дзясяткі супрацоўнікаў расейскіх дыпляматычных прадстаўніцтваў, якіх падазравалі ў шпіянажы.