Як піша прэсавая служба Лукашэнкі, на тэрыторыі вайсковага аб’екта захоўваюцца і рамантуюцца розныя віды ўзбраеньняў і вайсковай тэхнікі.
Начальнік базы Яўген Маслюкоў расказаў, што на тэрыторыі базы ёсьць зона захоўваньня стралковай зброі, цэха па рамонце ўзбраеньня і тэхнікі, пляцоўкі адкрытага захоўваньня ўзбраеньня.
Як далажыў Лукашэнку міністар абароны Віктар Хрэнін, ва Ўзброеных сілах уся стралковая зброя, якая захоўваецца на складах, інвэнтарызавана належным чынам і знаходзіцца ў поўным парадку.
Аляксандру Лукашэнку ў ліку іншай зброі прадэманстравалі аўтамат, паказалі цэх для рамонту артылерыйскага ўзбраеньня, дзе прыводзяць у парадак самаходныя гаўбіцы «Гваздзік», «Акацыя», гармату «Гіяцынт», аўтаматычны мінамёт «Васілёк».
«Трэба займацца жалезабэтонна імпартазамяшчэньнем. Занадта дарагая штука — гэта закупляць. Напружвайце прамысловасьць!» — заявіў Лукашэнка.
Там жа Лукашэнку падарылі гранатамёт, піша набліжаны да ягонай прэсавай службы тэлеграм-канал «Пул первого».