Гэта дазволіць пазьбегнуць так званага шатдаўну — прыпыненьня працы ўраду, якая магла адбыцца 17 лістапада. Выдаткі на дапамогу Ізраілю і Ўкраіне ў дакумэнт не ўвайшлі.
Раней падпісаны Джо Байдэнам законапраект ухвалілі Палата прадстаўнікоў і Сэнат Кангрэсу ЗША. Ён прадугледжвае працяг фінансаваньня ўрадавых праграм і ведамстваў, якія адказваюць за вайсковае будаўніцтва, справы вэтэранаў, транспарт, энэргетыку і будаўніцтва жыльля да 19 студзеня 2024 года. Усе астатнія расходныя артыкулы будуць фінансавацца да 2 лютага.
Кангрэс ЗША пакуль не ўхваліў гадавы бюджэт, які ўключае вайсковую дапамогу Ўкраіне. У верасьні падчас абмеркаваньня дакумэнта рэспубліканцы прапанавалі рэзка скараціць выдаткі, а дэмакраты прыгразілі заблякаваць праект, калі скарачэньне будзе занадта моцным.
Пытаньні фінансаваньня дапамогі Ўкраіне, Ізраілю, Тайваню і ўмацаваньня паўднёвай мяжы ЗША разглядаюцца асобна. Белы дом прапаноўваў выдзеліць на гэтыя мэты 106 мільярдаў даляраў.
Адміністрацыя Джо Байдэна хацела, каб пытаньне фінансаваньня ўсіх мэт разглядалася адным пакетам, аднак рэспубліканцы выступілі супраць гэтага.
Падкантрольная рэспубліканцам Палата прадстаўнікоў прыняла асобны законапраект аб дапамозе Ізраілю ў памеры 14 мільярдаў долараў, які не ўключае ў сябе дапамогу Ўкраіне. Сэнат, які кантралююць дэмакраты, заблякаваў ініцыятыву.