Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля працяглай паўзы Расея зноў ударыла ракетамі па Кіеве і вобласьці. Ёсьць пашкоджаньні


Ілюстрацыйнае фота. Так выглядае амэрыканская сыстэма супрацьпаветранай абароны Patriot, адна зь якіх зьбіла расейскую ракету на падлёце да Кіева 11 лістапада
Ілюстрацыйнае фота. Так выглядае амэрыканская сыстэма супрацьпаветранай абароны Patriot, адна зь якіх зьбіла расейскую ракету на падлёце да Кіева 11 лістапада

Раніцай 11 лістапада расейскія войскі запусьцілі балістычную ракету «Іскандэр» па Кіеве, яе зьбілі на падлёце ў сталіцу, гаворыцца ў паведамленьні гарадзкой вайсковай адміністрацыі. Улады Кіеўшчыны паведамляюць пра наступствы ўдараў па вобласьці балістычнымі ракетамі.

Паводле зьвестак Кіеўскай гарадзкой ваеннай адміністрацыі, прыкладна ў 8:00 у бок Кіева запусьцілі балістычную ракету.

Сілы і сродкі супрацьпаветранай абароны «зьнішчылі яе на падлёце ў сталіцу». Разбурэньняў і пацярпелых няма, удакладнілі ў адміністрацыі.

«Раніцай 11 лістапада Кіеў ад расейскай ракеты абараніў ЗРК „Патрыёт“, — удакладніў камандуючы Паветранымі сіламі Ўзброеных сіл Украіны Мікалай Аляшчук. — Што гэта была за ракета — балістычная —Іскандэр-М“ або зэнітная кіраваная С-400, мы даведаемся пазьней».

Ракетны ўдар па Кіеве раніцай 11 лістапада стаў першым за апошнія 52 дні.

Кіеўская абласная ваенная адміністрацыя паведаміла, што пасьля начнога нападу дронаў расейскія войскі ўдарылі па рэгіёне балістычнымі ракетамі. У адным з раёнаў вобласьці «дзьве ракеты патрапілі ў поле паміж двума населенымі пунктамі», кажуць мясцовыя ўлады.

Паводле абласной адміністрацыі, трапляньняў у аб’екты крытычнай ці жылой інфраструктуры не зафіксавалі, аднак выбуховай хваляй пашкодзіла 5 прыватных жылых дамоў. У прыватнасьці, пашкоджаныя дахі, выбітыя вокны. Таксама ёсьць нязначныя пашкоджаньні гаспадарчых памяшканьняў і аднаго з прыватных прадпрыемстваў.

Раніцай 11 лістапада ў Кіеве прагрымелі магутныя выбухі, пасьля была абвешчаная паветраная трывога. Па стане на вечар 10 лістапада паветранай трывогай была ахопленая значная частка тэрыторыі Ўкраіны.

Паводле ўкраінскіх вайскоўцаў, у ноч на 10 лістапада расейскія войскі атакавалі Ўкраіну ўдарнымі дронамі і кіраванымі авіяцыйнымі ракетамі. Агулам было выпушчана шэсьць дронаў тыпу Shahed-136/131, адна кіраваная авіяцыйная ракета Х-31 і адна КАР Х-59. Узброеныя сілы Ўкраіны зьнішчылі пяць ударных БПЛА і адну кіраваную авіяцыйную ракету Х-59 у межах Днепрапятроўскай, Харкаўскай, Мікалаеўскай, Палтаўскай і Кіеўскай абласьцей.

  • Расейскія вайскоўцы рэгулярна атакуюць украінскія населеныя пункты рознымі відамі ўзбраеньня — ударнымі дронамі, ракетамі, РСЗА. Расея, нягледзячы на доказы і сьведчаньні, з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня адмаўляе абстрэлы грамадзянскіх аб’ектаў ва Ўкраіне.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG