Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: тры гады таму — пабіцьцё Рамана Бандарэнкі


Менск. Праспэкт Незалежнасьці. Акцыя памяці Рамана Бандарэнкі, які загінуў пасьля таго, як быў пабіты невядомымі і завезены ў міліцыю. Лістапад 2020 году
Менск. Праспэкт Незалежнасьці. Акцыя памяці Рамана Бандарэнкі, які загінуў пасьля таго, як быў пабіты невядомымі і завезены ў міліцыю. Лістапад 2020 году

Падзеі 11 лістапада ў беларускай і сусьветнай гісторыі

Дзень у гісторыі

1918 — абвяшчэньне незалежнасьці Польшчы.

1918 — скончылася Першая сусьветная вайна.

1923 — Прэзыдыюм Рады БНР пераехаў з Коўна ў Прагу.

1975 — Ангола атрымала незалежнасьць ад Партугаліі.

1992 — Рэспубліка Беларусь усталявала дыпляматычныя зносіны з Ватыканам.

1999 — з Аршанскай калёніі выйшаў на свабоду двойчы Герой Сацыялістычнай Працы Васіль Старавойтаў.

2004 — Літва першай з краінаў Эўразьвязу ратыфікавала статутную дамову ЭЗ.

2020Раман Бандарэнка на «плошчы Перамен» быў выкрадзены і пабіты невядомымі людзьмі, якія зразалі там бел-чырвона-белыя стужкі. У шпіталь Раман быў завезены з РУУС Цэнтральнага раёну Менску з ацёкам галаўнога мозгу і шматлікімі траўмамі і назаўтра памёр.

Што вядома пра сьмерць Рамана Бандарэнкі

Раман Бандарэнка
Раман Бандарэнка
  • Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на вуліцы Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
  • Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць жыхароў. Каля 22:16 некалькі чалавек забралі і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
  • Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менску.
  • У 0:05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.
  • Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную яго ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.
  • Раман быў у крытычным стане.
  • ​ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя прыбыла на месца толькі пасьля здарэньня. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі хуткую. Адзін са сьведак здарэньня расказаў Свабодзе, што міліцыя прыяжджала яшчэ тады, калі невядомыя зразалі стужкі, «аднак хутка зьехала, нічога не зрабіўшы».
  • Сьледчы камітэт заявіў, што мужчына быў пʼяны. Аднак мэдыкі гэтую заяву абверглі — у крыві Бандарэнкі алькаголю не было.
  • 19 лістапада затрымалі журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна. Кацярына Барысевіч была аўтаркай артыкула, дзе гаварылася, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. Інфармацыю пра гэта ёй перадаў лекар Арцём Сарокін. Пачатак суду над імі прызначаны на 19 лютага.
  • 18 лютага 2021 году, на соты дзень пасьля сьмерці Рамана, Генпракуратура паведаміла яго маці Алене Бандарэнцы, што па факце сьмерці яе сына пачалі крымінальную справу.
  • 17 верасьня 2021 справу прыпынілі«з прычыны неўстанаўленьня асобы, якая падлягае прыцягненьню ў якасьці абвінавачанага».

У гэты дзень нарадзіліся

1714 Марцін Матушэвіч, дзяржаўны дзяяч ВКЛ, пісьменьнік, аўтар «Дыярыюша майго жыцьця».

1821Фёдар Дастаеўскі, расейскі пісьменьнік, продкі якога паходзяць зь Беларусі.

Фёдар Дастаеўскі, 1861 год
Фёдар Дастаеўскі, 1861 год

1875 Альбэрт Паўловiч, паэт-гумарыст, драматург.

1903Аляксандар Ільінскі, беларускі актор, народны артыст Беларусі.

1909 Георгі Заборскі, беларускі архітэктар, аўтар будынкаў музэю Якуба Коласа і зруйнаванага нядаўна музэю Вялікай Айчыннай вайны.

1928Алесь Белакоз, беларускі настаўнік, краязнаўца, музэязнаўца, удзельнік падпольнага беларускага супраціву.

Алесь Белакоз
Алесь Белакоз

1929Леанід Сушчэня, беларускі вучоны заоляг і біёляг.

1955Галіна Тычка, літаратуразнаўца, прафэсарка.

У памяці

1855 Сёрэн К’еркегор, дацкі філёзаф і тэоляг, родапачынальнік экзыстэнцыялізму.

1975Пётра Савачкін, беларускі гісторык.

2004Ясір Арафат, кіраўнік Палестынскай аўтаноміі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG