Адна зь іх — неназваны беларускі вытворца цыгарэт, кантрольны пакет акцый якога належыць дзяржаве, заўважыла «Зеркало».
Фінскія ўлады пачалі канфіскоўваць патэнты і таварныя знакі ў беларускіх і расейскіх юрыдычных асобаў, якія трапілі пад эканамічныя санкцыі ЭЗ у сувязі з вайной ва Ўкраіне. Сярод тых, хто трапіў пад арышт, — лягатыпы і таварныя знакі расейскага «Ашчадбанку», зброевай групы «Калашнікаў», АНА «ТВ-Новости» (заснавальнік Russia Today). Акрамя гэтага, улады Фінляндыі наклалі арышт на патэнт «Яндэкса» па сыстэме абароны носьбітаў інфармацыі, хоць сама кампанія пад абмежаваньні ня трапіла.
«Пад арышт таксама трапіла беларуская тытунёвая кампанія, кантрольны пакет акцый якой належыць дзяржаве», — паведамляе ESS.
Як адзначае «Зеркало», на беларускім рынку працуюць тры буйныя тытунёвыя вытворцы. Пад санкцыямі Эўразьвязу знаходзяцца два зь іх: ААТ «Гродзенская тытунёвая фабрыка „Нёман“» (уваходзіць у дзяржканцэрн «Белдзяржхарчпрам» і займае 72% рынку) і ТАА «Інтэр Табака» (ёю валодае набліжаны да Лукашэнкі бізнэсовец Аляксей Алексін): яны трапілі ў шосты пакет санкцыяў Эўразьвязу ў чэрвені 2022 году.
Супраць трэцяй буйной беларускай тытунёвай кампаніі «Тытунь-інвэст» эўрапейскія санкцыі ня ўводзілі, а яе ўладальнік Павел Тапузідзіс знаходзіцца толькі пад санкцыямі Канады.