Ім стаў тэрмін Artificial Intelligence (AI), гэта значыць «штучны інтэлект» (ШІ). Ён азначае мадэляваньне разумовых працэсаў пры выкарыстаньні кампутарных праграм, так званых нэўрасетак.
Філёлягі адзначаюць, што ў 2023 годзе гэтае словазлучэньне ўжывалася ў чатыры разы часьцей, чым раней. Яны называюць штучны інтэлект «новай вялікай тэхналягічнай рэвалюцыяй».
Тэхналёгіі, зьвязаныя са штучным інтэлектам, у 2023 годзе ня толькі бурна разьвіваліся, але і перайшлі з экспэрымэнтальнага прымяненьня ў штодзённае жыцьцё. Праграмы штучнага інтэлекту саманавучальныя, яны могуць прымяняцца практычна паўсюль, дзе трэба ствараць тэксты або малюнкі. Мяркуецца, што неўзабаве яны змогуць замяніць чалавека па шэрагу практычных задач у юрыспрудэнцыі, бюракратыі, тэхнічнай дакумэнтацыі, а таксама ў стварэньні ілюстрацый і іншых твораў мастацтва.
2 лістапада былыя ўдзельнікі гурту The Beatles абяцаюць выпусьціць новую песьню на аснове архіўнага запісу. Голас Джона Ленана ў ёй будзе ўзноўлены пры дапамозе штучнага інтэлекту.
- Слоўнік Collins абвяшчае новае «слова году» ў канцы кожнага году. Гэта слова, якое ўвайшло ў масавае словаўжываньне і стала папулярным. Летась «словам-2022» стаў «пэрмакрызіс» — пэрманэнтны, гэта значыць пастаянны крызіс як новае самаадчуваньне грамадзтва пасьля пандэміі каранавірусу, пачатку вайны Расеі ва Ўкраіне, іншых канфліктаў і эканамічнага спаду. Бліжэй да Калядаў свае «словы году» абвяшчае таксама іншы аўтарытэтны слоўнік ангельскай мовы — Webster.
Радыё Свабода таксама традыцыйна перад Калядамі выбірае слова году. У 2022-м ім было — «вайна». Не згубіце магчымасьць паўдзельнічаць у выбары слова сёлета, сачыце за абвесткамі на сайце Свабоды!