Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ерам Славаччыны прызначылі Робэрта Фіца, які выступаў за спыненьне дапамогі Ўкраіне і супраць антырасейскіх санкцыяў


Робэрт Фіца падчас цырымоніі прызначэньня кіраўніком ураду, Браціслава, 25 кастрычніка 2023
Робэрт Фіца падчас цырымоніі прызначэньня кіраўніком ураду, Браціслава, 25 кастрычніка 2023

Прэзыдэнтка Славаччыны Зузана Чапутава афіцыйна прызначыла Робэрта Фіца прэмʼер-міністрам краіны.

Папулісцкая партыя «Курс — славацкая сацыял-дэмакратыя» на чале зь Робэртам Фіца раней здабыла перамогу на парлямэнцкіх выбарах і сфармавала ўрадавую кааліцыю яшчэ зь дзьвюма партыямі.

Фіца перад выбарамі выступаў за спыненьне вайсковай дапамогі Ўкраіне. Ён таксама выказваўся супраць санкцыяў у дачыненьні да Расеі, аднак незразумела, ці будзе яго новы кабінэт сапраўды дамагацца гэтага на ўзроўні Эўразьвязу.

5 кастрычніка прэзыдэнтка Чапутава выступіла супраць перадачы новага пакета вайсковай дапамогі Ўкраіне, растлумачыўшы гэта пазыцыяй партыі Фіца, якая перамагла на выбарах, хоць на той момант яшчэ і не сфармавала ўрад.

Парлямэнт Славаччыны сабраўся ў сераду на першае пасяджэньне пасьля выбараў. Яго старшынём быў абраны Пэтэр Пэлегрыні, лідэр партыі «Голас», якая ўвайшла ў новую кааліцыю. Таксама ў кааліцыю ўвайшла Славацкая нацыянальная партыя, якая выступае з прарасейскіх пазыцыяў.

Чакаецца, што парлямэнт выкажа новаму кабінэту давер, у новай кааліцыі дастаткова галасоў. Праэўрапейскія лібэральныя партыі трапляюць у апазыцыю.

Ужо вядомыя імёны новых міністраў. МЗС узначаліць прадстаўнік партыі Фіца Юрай Бланар. Украінскія СМІ адзначалі, што раней ён нэгатыўна выказваўся пра Ўкраіну. Украінскія мэдыя падкрэсьлівалі, што шэраг ягоных выказваньняў — у прыватнасьці, пра канфлікт ва Ўкраіне як пра грамадзянскую вайну або наконт расейскамоўнага насельніцтва Ўкраіны — паўтараюць наратывы расейскай прапаганды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG