Савет Фэдэрацыі Расеі на пленарным пасяджэньні 25 кастрычніка ўхваліў закон аб скасаваньні інфармаваньня генэральнага сакратара Рады Эўропы аб увядзеньні ў Расеі ваеннага або надзвычайнага становішча.
Як паведамілі ў тэлеграм-канале Савету Фэдэрацыі, сэнатары падтрымалі закон аднагалосна.
Гэты закон ініцыяваў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін.
Разам з тым, нягледзячы на ўхваленьне гэтага закону, Расея ўсё яшчэ будзе абавязаная інфармаваць генэральнага сакратара ААН аб увядзеньні на сваёй тэрыторыі ваеннага або надзвычайнага становішча.
Расейскія сэнатары таксама ўхвалілі закон аб адкліканьні ратыфікацыі Дамовы аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаваньняў. За гэтае рашэньне ў Савеце Фэдэрацыі таксама прагаласавалі аднагалосна.
Што гэта за дамова
Дамову аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаваньняў прынялі на 50-й сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН у 1996 годзе. Яна не набыла моц, паколькі яе не падпісала дастатковая колькасьць краін. Зь ядзерных дзяржаў Індыя, Пакістан і Паўночная Карэя не падпісалі дамовы, а ЗША і Кітай падпісалі, але не ратыфікавалі.
У сучаснай Расеі ядзерных выпрабаваньняў, зьвязаных з выбухам рэальнага ядзернага зараду, яшчэ не праводзілася. У СССР апошняе выпрабаваньне правялі ў 1990 годзе. Сёлета ў лютым Уладзімір Пуцін казаў, што Расея ня будзе аднаўляць ядзерныя выпрабаваньні, калі іх не адновяць ЗША.
Расея завозіць сваю ядзерную зброю ў Беларусь
Улетку 2023 году была інфармацыя пра перакідваньне расейскай тактычнай ядзернай зброі на тэрыторыю Беларусі. Дакладнага пацьверджаньня гэтай інфармацыі так і не паступіла. Аднак у Маскве заявілі, што знаходжаньне ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі не парушыць міжнародных дамоваў, паколькі зарады застануцца пад кантролем расейскага войска. Аляксандар Лукашэнка ж заяўляў, што сам будзе распараджацца зброяй.