Wafa, афіцыйнае інфармацыйнае агенцтва Палестынскай аўтаноміі, паведаміла, што прынамсі адзін чалавек загінуў у выніку ўдару і яшчэ некалькі атрымалі раненьні ў комплексе пад мячэтам Аль-Ансар у лягеры ўцекачоў Джэнін, піша Голас Амэрыкі.
Ізраільскі авіяўдар стаў сама меней другім за апошнія дні ўдарам па акупаваным Заходнім беразе ракі Ярдан, дзе гвалт паміж габрэйскімі пасяленцамі і палестынскімі арабамі ўспыхнуў пасьля таго, як баевікі ХАМАС з Газы зьдзейсьнілі крывавую атаку на Ізраіль 7 кастрычніка.
Ізраільскія зьнішчальнікі таксама нанесьлі ўдары па аб’ектах «Хэзбалы» ў Лібане. Лібанская групоўка, якую падтрымлівае Іран, амаль штодня вядзе перастрэлкі з ізраільскімі вайскоўцамі на лібана-ізраільскай мяжы, праз што ўлады Ізраілю правялі эвакуацыю насельніцтва некаторых мястэчак і паселішчаў на поўначы краіны.
«Хэзбала» заявіла, што шэсьць яе байцоў былі забітыя ў суботу на мяжы. За апошнія два тыдні колькасьць ахвяр «Хэзбалы» вырасла да 19 чалавек.
Ізраільскія вайскоўцы заявілі, што адзін зь іх салдатаў на мяжы цяжка паранены супрацьтанкавай ракетай. Двое іншых салдатаў атрымалі лёгкія раненьні. Баі на лібана-ізраільскай мяжы — найбольш інтэнсіўныя і крывавыя з часоў вайны 2006 году.
Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен папярэдзіў прэм’ер-міністра Лібану Наджыба Мікаці падчас званка ў суботу, што лібанскі народ пацерпіць, калі яго краіна будзе ўцягнута ў вайну.
Адказваючы на пытаньне аб чаканым уварваньні ў сэктар Газа, ізраільскі контр-адмірал Даніель Хагары сказаў, што Ізраіль узмоцніць свае атакі на поўначы Газы, каб падрыхтавацца да наступнага этапу вайны. Ён паўтарыў папярэдні заклік Ізраілю да жыхароў Газы рухацца на поўдзень.
Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае
- 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетнага ўдару з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
- Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
- Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
- ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
- Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
- Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
- 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
- Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
- Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
- Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
- Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
- 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
- За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
- 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
«Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.
«Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША. - Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
- 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
- 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
- 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.