Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парлямэнт Украіны зрабіў першы крок да забароны рэлігійных арганізацый, зьвязаных з Расеяй

абноўлена

Мітрапаліт УПЦ (МП) Павел (Пятро Лебедзь) падчас абвяшчэньня падазрэньня паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу Ўкраіны. Кіеў, 1 красавіка 2023 году. Ілюстрацыйнае фота
Мітрапаліт УПЦ (МП) Павел (Пятро Лебедзь) падчас абвяшчэньня падазрэньня паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу Ўкраіны. Кіеў, 1 красавіка 2023 году. Ілюстрацыйнае фота

Тым часам у СБУ заявілі аб стварэньні Расейскай праваслаўнай царквой «праваслаўных ПВК».

Вярхоўная Рада Ўкраіны на пасяджэньні 19 кастрычніка ўхваліла ў першым чытаньні законапраект аб забароне рэлігійных арганізацый, зьвязаных з Расеяй.

Цяпер гэты дакумэнт будуць рыхтаваць да разгляду ў другім чытаньні. Гэты законапраект датычыць і Праваслаўнай царквы, якая дзейнічае ва Ўкраіне і кіруецца Маскоўскім партыярхатам.

Тым часам у Службе бясьпекі Ўкраіны заявілі, што атрымалі доказы датычнасьці кіраўніцтва Расейскай праваслаўнай царквы да стварэньня «ўласных прыватных вайсковых кампаній».

СБУ стала вядома аб прыватных вайсковых кампаніях, якія фінансуюць «прадстаўнікі фінансава-прамысловых груп, набліжаных да кіраўніка Крамля», а грошы пералічваюць на рахункі РПЦ пад выглядам дабрачынных унёскаў.

Як адзначаецца ў паведамленьні, іх фармуюць для ўдзелу ў вайне ва Ўкраіне.

«Задакумэнтавана, што адна з такіх прыватных вайсковых кампаній пад назвай „Андрэеўскі крыж“ дзейнічае на базе Кранштацкага марскога сабору ў Санкт-Пецярбургу», — паведамілі ў СБУ.

Паводле спэцслужбаў Украіны, прадстаўнікі гэтага сабору вэрбуюць сваіх вернікаў для далейшага ўключэньня ў склад войскаў, якія ваююць на фронце ва Ўкраіне.

«У часе адбору патэнцыйных „кандыдатаў“ аддаюць перавагу мужчынам, якія ўжо праходзілі службу ў шэрагах вайсковых падразьдзелаў і маюць баявы досьвед», — адзначаецца ў паведамленьні.

Паводле СБУ, пасьля залічэньня да «праваслаўных ПВК» найміты праходзяць курс вайскова-тактычнай і агнявой падрыхтоўкі пад кіраўніцтвам інструктараў з расейскіх спэцслужбаў.

«Для маскаваньня баявых трэнаваньняў іхныя арганізатары праводзяць падрыхтоўку рэкрутаў выключна ў сьценах сабору, а таксама на спэцыяльных палігонах Расеі».

Службе бясьпекі Ўкраіны стала вядома, што такія ПВК фінансуюць «прадстаўнікі фінансава-прамысловых груп, набліжаных да кіраўніка Крамля», а грошы пералічваюць на рахункі РПЦ пад выглядам дабрачынных унёскаў.

Цяпер сьледчыя СБУ працуюць над тым, каб вызначыць усе абставіны і прыцягнуць да адказнасьці ўсіх задзейнічаных у гэтых дзеяньнях.

З пачатку расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну паводле матэрыялаў Службы бясьпекі Ўкраіны завялі 68 крымінальных спраў датычна прадстаўнікоў Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату, у тым ліку 16 на мітрапалітаў.

Справы расьсьледуюць па фактах дзяржаўнай здрады, калябарацыянізму і дапамогі Расеі ў агрэсіі. У 18 выпадках прадстаўнікоў царквы абвінавачваюць у публічнай агітацыі да рэлігійнай нянавісьці, у продажы агнястрэльнай зброі і распаўсюдзе дзіцячай парнаграфіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG