Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы пра новы сьмяротны вырак у Беларусі: «Гэта чарговае забойства за забойства»


Каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі» Андрэй Палуда , архіўеае фота
Каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі» Андрэй Палуда , архіўеае фота

Жыхару Слуцку Аляксандру Таратуту 19 кастрыніка вынесьлі сьмяротны прысуд за забойства 3-гадовага сына.

Каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі» Андрэй Палуда пракамэнтаваў сьмяротны прысуд, вынесены 19 кастрычніка.


«Справа з катаваньнямі і забойствам маленькага хлопчыка ягонымі бацькамі выклікала буру эмоцый у грамадзтве. І гэта абсалютна зразумелая рэакцыя. Такія рэчы ў цывілізаваным сьвеце ня мусяць адбывацца. Я не кажу, што за такія рэчы ня мусіць быць пакараньня.

Пакараньне мусіць быць абавязкова — і мусіць быць строгім і непазьбежным. Павінна быць правасудзьдзе. Але правасудзьдзе мусіць быць без забойства, якое нічога не вырашае. Яно не нясе ніякай прафіляктычнай мэты, як вельмі часта можна пачуць.

Нагадаю, зусім нядаўна расстралялі Віктара Скрундзіка, таксама жыхара Слуцкага раёну. Ці спыніла гэта ў сваіх дзеяньнях Аляксандра Таратуту? Мы бачым, што не. Праблема нашмат глыбейшая, і яна не вырашаецца „хірургічным шляхам“ у выглядзе чарговага сьмяротнага прысуду. Гэта чарговае забойства за забойства».

Абвінавачанага ў забойстве Аляксандра Таратуту асудзілі на расстрэл. Жонку падсуднага пакаралі 25 гадамі калёніі строгага рэжыму.

Справу сужэнцаў разглядаў Менскі абласны суд. Паводле матэрыялаў справы, 14 студзеня 2023 году Анастасія і Аляксандар Таратуты да сьмерці пабілі свайго трохгадовага сына Сямёна. Непасрэдна перад сьмерцю хлопчыку нанесьлі 9 удараў, 7 зь іх па галаве. У выніку дзіцяці была прычыненая закрытая чэрапна-мазгавая траўма, якая стала прычынай кровазьліцця пад мазгавыя абалонкі, ускладненая ацёкам галаўнога і сьпіннога мозгу.

Сьмяротнае пакараньне ў Беларусі

  • Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, дзе караюць сьмерцю.
  • Усяго за гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі каля 350 сьмяротных прысудаў (дакладная лічба невядомая).
  • Улады Беларусі не паведамляюць пра выкананьне сьмяротных прысудаў. Пра гэта ўдаецца даведацца з паказаньняў іншых сьмяротнікаў або ад праваабаронцаў, якія кантактуюць з роднымі асуджаных.
  • Эўразьвяз пэрыядычна заклікае Беларусь адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня.
  • Нягледзячы на ўсе просьбы міжнароднай супольнасьці, рэжым Лукашэнкі працягвае выносіць сьмяротныя прысуды. 19 кастрычніка 2023 вынесены чарговы зь іх — Аляксандру Таратуту са Слуцку, які забіў 3-гадовае дзіця.
  • Дакладная колькасьць памілаваных таксама не вядомая. Раней беларускім праваабаронцам было вядома толькі пра два выпадкі памілаваньня асуджаных на сьмяротнае пакараньне за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. У канцы ліпеня 2024 году Лукашэнка памілаваў асуджанага на сьмяротнае пакараньне грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера, пасьля гэтага яго вызвалілі ў рамках вялікага абмену вязьнямі паміж Расеяй і краінамі Захаду.
  • Лукашэнка ў 2012 годзе казаў, што за ўсю гісторыю свайго прэзыдэнцтва памілаваў толькі аднаго чалавека (пасьля гэтага, у 2021 годзе, ён памілаваў асуджаных да сьмяротнага пакараньня братоў Косьцевых). Разам з тым МУС Беларусі яшчэ ў 2012-м сьцьвярджала, што за 13 гадоў было памілавана 156 сьмяротнікаў (замена сьмяротнага прысуду на пажыцьцёвае зьняволеньне).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG