«На сёньня вядзецца актыўная праца па ініцыятыве Генэральнай пракуратуры. Міністэрства ўнутраных спраў распрацавала праект закону ў зьмене Кодэксу аб адміністрацыйнай адказнасьці. У першую чаргу ўводзяцца тры артыкулы. Гэта забарона на прапаганду ЛГБТ, пэдафіліі, зьмены полу. І далей, калі ўжо будзе выпрацаваны непасрэдны мэханізм, мы ўсё ж паспрабуем апрабаваць на ўзроўні заканадаўства аб адміністрацыйнай адказнасьці, наколькі будзе працаваць менавіта забарона на прапаганду», — сказаў Раман Сідарэнка, якога цытуе Reform.by.
Па словах Сідарэнкі, пад прапагандай мяркуецца разумець «любое данясенне да грамадзтва ў сетцы інтэрнэт, у публічных выступах, у публікацыях».
«Менавіта навязваньне вось гэтай распушчанай ідэі ЛГБТ, пэдафіліі», — падкрэсьліў пракурорскі работнік.
Вядучы ўдакладніў у яго, а што будзе з «Лалітай» Уладзімера Набокава. Сідарэнка паабяцаў, што ўлічаць асаблівасьці праваадносін у сфэры мастацтва і рэлігіі. Паводле яго, манаства таксама прадугледжвае адмову ад дзяцей, але гэта не чайлдфры, якое нібыта ідзе з Захаду.
«Будуць улічаныя сфэры праваадносін, якія адносяцца да мастацтва, рэлігіі. Таму што ў любым выпадку, калі разглядаць, напрыклад, пытаньне з прапагандай чайлдфры, якое ў Эўропе зараз вельмі масава набірае абароты, то ў нашым традыцыйным грамадзтве пытаньні рэлігіі, манаства, там, дзе ў прынцыпе нараджэньне дзяцей не маецца на ўвазе. Але гэта не ў тым разуменьні, у тым выглядзе, у якім ідзе да нас з Захаду. Бо паглядзіце, сёньня яны просяць роўныя для сябе ўмовы, потым яны будуць лічыць сябе асаблівымі, і ім трэба будзе выдзяляць асаблівыя льготы, прывілеі ў дзяржаве. І яны менавіта навязваюць сваю ідэю, бачаньне», — сказаў ён.