Дабрачынны фонд «Вольная Беларусь» абвясьціў аб стварэньні ва Ўкраіне Беларускага цэнтру нацыянальнай памяці, які будзе займацца асьветніцкай, навукова-дасьледчай і гуманітарнай дзейнасьцю.
Як паведаміў кіраўнік фонду Аляксей Францкевіч, на першапачатковым этапе праца Беларускага цэнтру нацыянальнай памяці будзе грунтавацца на праектах, якія цяпер рэалізуе Фонд «Вольная Беларусь».
Цяпер фонд рэалізуе такія праекты, як фотавыстава «З Украінай у сэрцы», прысьвечаная беларусам, якія загінулі ва Ўкраіне, пачынаючы з 2014 году, музэй «Вольная Беларусь з Украінай у сэрцы», які знаходзіцца ў Бучы пад Кіевам, выданьне вучэбна-мэтадычнага дапаможніка па гісторыі барацьбы беларусаў і ўкраінцаў супраць агульнага ворага, які рыхтуецца разам з Драгобіцкім дзяржаўным пэдагагічным унівэрсытэтам імя Івана Франка, сайт «Трыбунал» (інтэрнэт-рэсурс створаны для збору інфармацыі пра ўсіх беларускіх злачынцаў, у тым ліку ваенных).
«Дзейнасьць Беларускага цэнтру нацыянальнай памяці будзе скіраваная на шырокае ўзаемадзеяньне і супольную працу з дэмакратычнай супольнасьцю Беларусі. Гэта паспрыяе аб’яднаньню праўкраінскіх беларускіх сілаў і ўплыву на палітыку дэмакратычных сілаў у Беларусі», — паведаміў Аляксей Францкевіч.