У Берасьцейскім абласным судзе 11 кастрычніка дзяржабвінаваўца запрасіў два з паловай гады калёніі грамадзянцы Ўкраіны Кацярыне Бруханавай, якую абвінавачвалі ў садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці паводле ч. 1 арт. 371-1 Крымінальнага кодэксу.
Справу разглядаў судзьдзя Андрэй Сіз, пракурорам быў Аляксандар Бацюшка.
Прысуд Кацярыне Бруханавай быў абвешчаны 13 кастрычніка, але вынікі суду пакуль невядомыя.
Кацярына Бруханава зьяўляецца грамадзянкай Ўкраіны, родам з горада Херсону, піша «Берасьцейская Вясна».
Паводле праваабаронцаў, яна адвучылася ў Кітаі, скончыла там унівэрсытэт у 2015 годзе, а ў 2016 годзе пераехала ў Беларусь. У Беларусі працавала перакладчыцай з кітайскай. На гэты момант Кацярыне 29 гадоў.
25 ліпеня 2023 года Бруханаву затрымалі пры пераходзе беларускай мяжы. Ад яе запатрабавалі на праверку тэлефон, яна дала яго разам з паролямі. Беларускія сілавікі знайшлі, што 30 сакавіка 2022 года яна адправіла два відэа ў чат-бот рэдакцыі выданьня «Зеркало». На відэа было перамяшчэньне расейскай вайсковай тэхнікі пад Менскам, якое яна зьняла.
За гэтыя два відэа дзяўчыну затрымалі, зьмясцілі ў СІЗА. Ёй выставілі абвінавачаньні паводле ч. 1 арт. 361-4 КК (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці), паколькі беларускія ўлады лічаць незалежнае СМІ «Зеркало» так званым «экстрэмісцкім фармаваньнем».
Кацярына на судзе свае дзеяньні тлумачыла тым, што спалохалася і раззлавалася, калі ўбачыла шмат тэхнікі з літарамі «Z» і «V». Яна расказала, што ў яе на радзіме гэтыя знакі лічацца варожымі. А ў СМІ адправіла таму, што хацела даведацца, што адбываецца, бо нідзе пра рух такой тэхнікі не пісалі.
На судзе ролю пракурора выконваў Аляксандар Бацюшка, вядомы па многіх іншых палітычных справах, у тым ліку прадстаўляў абвінавачаньне на судзе над расейскай грамадзянкай Ірынай Вікхольм, якой прысудзілі калёнію.