Ціханоўская падзякавала гораду за падтрымку беларусаў. У паведамленьні офісу нагадваецца, што гарадзкія ўлады выдзелілі некалькі памяшканьняў для беларускіх арганізацыяў, падтрымалі шэраг канцэртаў і культурных падзеяў. Цяпер у Вільні жывуць дзясяткі тысяч беларусаў. Туды рэлякаваліся сотні грамадзкіх арганізацыяў, прыватных бізнэсаў, незалежных СМІ.
Сьвятлана Ціханоўская папрасіла мэра падтрымліваць беларускія грамадзкія прасторы, якія ўжо працуюць у горадзе, Раду беларускай культуры, Беларускі дом, Беларускую гімназію імя Францішка Скарыны і іншыя беларускія ўстановы ў Вільні.
Ціханоўская адзначыла, наколькі беларусам важна не губляць сувязі з Беларусьсю, беларускай культурай і ідэнтычнасьцю, на фоне зьнішчэньня ўсяго беларускага ўнутры краіны. Асобна Ціханоўская папрасіла арганізаваць на базе Віленскіх школ дадатковыя клясы беларускай мовы, а таксама правесьці сустрэчу з актывам бацькоў беларускіх дзяцей у Вільні.
Таксама Ціханоўская папрасіла мэра паспрыяць інтэграцыі беларусаў у гарадзкое жыцьцё Вільні, запрашаць беларускія арганізацыі на фэстывалі і гарадзкія мерапрыемствы.
Асобна на сустрэчы мова ішла пра падтрымку беларускіх добраахвотнікаў ва Ўкраіне. Раней Офіс Сьвятланы Ціханоўскай і Аб’яднаны пераходны кабінэт даставілі ім груз нелятальнай дапамогі пры падтрымцы віленскай мэрыі.
Таксама Сьвятлана Ціханоўская перадала мэру шэраг просьбаў ад беларускіх вернікаў у Вільні.
Сустрэча адбылася ў пятніцу, 13 кастрычніка.
Хто такая Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская — беларускі палітык, былая кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі. Цяпер знаходзіцца ў Літве.
- Сьвятлана Ціханоўская нарадзілася ў 1982 годзе ў Мікашэвічах (Берасьцейская вобласьць).
- 15 траўня 2020 году пасьля адмовы Цэнтральнай выбарчай камісіі зарэгістраваць мужа Сьвятланы, зьняволенага лідэра кампаніі «Страна для жизни» блогера Сяргея Ціханоўскага, Сьвятлана ад свайго імя падала дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. 20 траўня яе групу зарэгістравалі. 29 траўня кіраўніка яе выбарчага штабу Сяргея арыштавалі зноў.
- Кандыдаткай у прэзыдэнты Ціханоўскую зарэгістравалі 14 ліпеня 2020.
- Пасьля арышту прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі і ўцёкаў за мяжу яшчэ аднаго прэтэндэнта Валера Цапкалы іх штабы аб’ядналіся з штабам Сьвятланы Ціханоўскай. Аб’яднаны штаб правёў пасьпяховую выбарчую кампанію з шматтысячнымі мітынгамі ў вялікіх і малых гарадах Беларусі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
- Паводле афіцыйных зьвестак ЦВК, на выбарах Сьвятлана Ціханоўская набрала 10,09%, а Аляксандар Лукашэнка — 80,08%. Ціханоўская адмовілася прызнаць гэтыя вынікі і 10 жніўня асабіста накіравалася ў ЦВК, каб іх абскардзіць.
- З ЦВК палітык не вярнулася. Сувязь зь ёю зьнікла, празь некалькі гадзін у вэстыбюлі ЦВК яна паведаміла, што «прыняла рашэньне» і зьехала ў невядомым кірунку. 11 жніўня стала вядома, што яна ў Літве. Былі апублікаваныя два відэазвароты Ціханоўскай, адзін зь якіх быў запісаны ў ЦВК пасьля размовы з двума высокапастаўленымі сілавікамі, у ім Ціханоўская заклікае дэманстрантаў не выходзіць на вуліцы. Кіраўніцтва Літвы 11 жніўня заявіла, што звароты Ціханоўская запісала пад ціскам і шантажом.
- Празь некалькі дзён пасьля фактычнай «дэпартацыі» ў Літву Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што бярэ на сябе ролю «нацыянальнага лідэра».
- 18 жніўня з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай у Беларусі была створаная Каардынацыйная рада для транзыту ўлады.
- 10 верасьня 2020 Сэйм Літвы прагаласаваў за прызнаньне Сьвятланы Ціханоўскай абраным кіраўніком Беларусі.
- Ад верасьня 2020 году Ціханоўская наведала з працоўнымі візытамі дзясяткі краін сьвету і сустрэлася зь іх лідэрамі. Сярод іх прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, высокі прадстаўнік ЭЗ Жузэп Бурэль, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн ды інш.
- Сьвятлана Ціханоўская кантактавала з актыўнымі людзьмі ў Беларусі падчас пратэстаў 2020 і 2021 гадоў, прызначыла сваіх прадстаўнікоў для падтрыманьня лучнасьці з сацыяльнымі і прафэсійнымі групамі ў краіне.
- Ціханоўская выступіла за правядзеньне ў Беларусі новых празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў пры міжнародным кантролі і актыўна заклікала міжнародную супольнасьць да ўдзелу ў арганізацыі перамоваў зь цяперашнім кіраўніцтвам Беларусі.
- За два гады Ціханоўская, яе штаб і зьвязаныя з ёй ініцыятывы дапамагалі палітвязьням, выступалі з шэрагам гуманітарных і палітычных ініцыятываў.
- Яна выступала супраць сфальшаванага канстытуцыйнага рэфэрэндуму, ініцыяванага Лукашэнкам у 2022 годзе.
- У лютым 2022 Ціханоўская асудзіла расейскую агрэсію супраць Украіны і саўдзел у ёй рэжыму А. Лукашэнкі, у сакавіку 2022 году стварыла беларускі Антываенны рух.
- У красавіку 2022 году Ціханоўская на канфэрэнцыі Рады Бясьпекі ААН заявіла, што «поўдзень Беларусі фактычна знаходзіцца пад расейскай акупацыяй».
- Ціханоўская правяла пасьпяховыя перамовы з урадам Польшчы і дамаглася асаблівых умоваў для прыезду і легалізацыі беларусаў, ня згодных з рэжымам Лукашэнкі.
- У жніўні 2022 году Сьвятлана Ціханоўская стварыла Аб’яднаны пераходны кабінэт, назвала чатырох сваіх прадстаўнікоў.
- У лістападзе 2022 Ціханоўская ўпершыню назвала сябе прэзыдэнтам-электам
Што такое Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі
На канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні 9–10 жніўня Сьвятлана Ціханоўская заявіла аб стварэньні Аб'яднанага пераходнага кабінэту, які будзе працаваць на галоўныя мэты:
- Абараняць незалежнасьць і сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь, прадстаўляць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Ажыцьцявіць фактычную дэакупацыю Беларусі.
- Аднавіць канстытуцыйную законнасьць і правапарадак.
- Распрацаваць і рэалізаваць меры па спыненьні незаконнага ўтрыманьня ўлады, забясьпечыць транзыт улады ад дыктатуры да дэмакратыі, стварыць умовы для правядзеньня сумленных і свабодных выбараў.
- Распрацоўваць і выконваць рашэньні, неабходныя для дасягненьня дэмакратычных перамен у Беларусі.
- І ў выніку гэтага павінны быць вызваленыя ўсе палітвязьні.
У складзе Кабінэту пад кіраўніцтвам Ціханоўскай сярод іншых працуюць:
- Павал Латушка — прадстаўнік Кабінэту па транзыце ўлады;
- Аляксандар Азараў — па аднаўленьні правапарадку;
- Валер Кавалеўскі — па замежных справах;
- Валер Сахашчык — па абароне і нацыянальнай бясьпецы;
- Вольга Гарбунова — прадстаўніца ў сацыяльных пытаньнях;
- Аліна Коўшык — прадстаўніца па нацыянальным адраджэньні.
Аб’яднаны пераходны кабінэт Ціханоўскай заявіў, што пачынае рыхтаваць беларусаў да старту пляну «Перамога».
Аб’яднаны пераходны кабінэт патрабуе і будзе дабівацца безумоўнага вываду ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі з тэрыторыі Беларусі.
Аб’яднаны пераходны кабінэт заснаваў Місію дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі і накіраваў свайго прадстаўніка ў Кіеў.