Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) заявіў, што Алімпійскі камітэт Расеі больш ня мае права дзейнічаць як нацыянальны алімпійскі камітэт, як гэта вызначана ў Алімпійскай хартыі, і ня можа атрымліваць фінансаваньне ад алімпійскага руху.
Як адзначаецца на сайце МАК, адхіленьне ад дзейнасьці адбылося праз рашэньне алімпійскага камітэту Расеі далучыць спартовыя арганізацыі, якія знаходзяцца ў падпарадкаваньні Ўкраіны, а менавіта — Данецку, Херсону, Луганску і Запарожжа.
МАК падкрэсьліў, што гэта парушае Алімпійскую хартыю, бо парушае тэрытарыяльную цэласнасьць алімпійскага камітэту Ўкраіны, прызнаную Міжнародным алімпійскім камітэтам (МАК) у адпаведнасьці з Алімпійскай хартыяй.
У той жа час МАК паведаміў, што пакідае за сабой права прымаць рашэньні аб удзеле асобных нэўтральных спартоўцаў з расейскім пашпартам у Алімпійскіх гульнях у Парыжы 2024 году і зімовых Алімпійскіх гульнях у Італіі 2026 году.
«Выканкам МАК таксама пакідае за сабой права прымаць любое далейшае рашэньне залежна ад разьвіцьця гэтай сытуацыі», — адзначаецца ў паведамленьні.
Расейскі Алімпійскі камітэт назваў гэтае рашэньне «контрапрадуктыўным і палітычным». Як паведамілі расейскія СМІ, у Алімпійскім камітэце заявілі, што пакідаюць за сабой права абароны інтарэсаў спартоўцаў і арганізацый на тэрыторыі Расеі.
Міжнародны Алімпійскі камітэт — некамэрцыйная грамадзкая няўрадавая міжнародная арганізацыя. МАК пераразьмяркоўвае больш за 90 працэнтаў свайго даходу ў шырокі спартыўны рух. Гэта азначае, што кожны дзень эквівалент 4,2 мільёна даляраў накіроўваецца на дапамогу спартоўцам і спартыўным арганізацыям на ўсіх узроўнях па ўсім сьвеце.