Міжнародны саюз канькабежцаў прадоўжыў санкцыі адносна Беларусі і Расеі, паведамляе прэс-служба арганізацыі.
Саюз працягнуў прынятае раней рашэньне аб адхіленьні спартоўцаў зь Беларусі і Расеі ад міжнародных спаборніцтваў пад сваёй эгідай.
25 красавіка 2022 года Рада Міжнароднага саюза канькабежцаў «самым рашучым чынам асудзіла расейскае ўварваньне ва Ўкраіну» і пазбавіла права беларусаў і расейцаў выступаць на сваіх турнірах.
Таксама на тэрыторыі Беларусі і Расеі забаранілі праводзіць спаборніцтвы з міжнароднага календара Саюза, а прадстаўнікам гэтых краін — удзельнічаць у кангрэсе і іншых афіцыйных падзеях арганізацыі.
28 лютага 2022 года, праз некалькі дзён пасьля пачатку вайны, Міжнародны алімпійскі камітэт заклікаў спартовыя фэдэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў атлетаў з Расеі і Беларусі. Гэтая рэкамэндацыя была неадкладна і масава прынятая да выкананьня, у выніку чаго расейскі і беларускі спорт апынуліся амаль у поўнай ізаляцыі.
25 студзеня 2023 года выканкам МАК пацьвердзіў санкцыі, уведзеныя ў дачыненьні да Беларусі і Расеі з-за вайны супраць Украіны, аднак зазначыў, што ніводнаму спартоўцу нельга забараняць удзельнічаць у спаборніцтвах «толькі з-за яго пашпарта».
28 сакавіка МАК выпусьціў заяву, у якой рэкамэндаваў міжнародным фэдэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расейцам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах.
Пры гэтым павінен быць выкананы шэраг умоў. Беларускія і расейскія атлеты могуць спаборнічаць «у якасьці індывідуальных нэйтральных спартоўцаў» (без выкарыстаньня сьцяга, гімна і іншай сымболікі сваіх дзяржаў) і толькі ў тым выпадку, калі яны «актыўна не займаліся падтрымкай баявых дзеяньняў» і не маюць дзейных кантрактаў з сілавымі і ваеннымі ведамствамі сваіх краін.