Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Саюз маці Беларусі», які выступае супраць вайны, КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваньнем». Маці адказалі


На антываеннай акцыі ў Беларусі, архіўнае фота
На антываеннай акцыі ў Беларусі, архіўнае фота

Прызнаньне аформілі па рашэньні КДБ.

На сайце ініцыятывы «Саюз маці Беларусі» сказана, што яна была створана 24 лютага 2022 году «не дзеля славы і грошай, не дзеля забавы, а толькі таму, што чыноўнікі пачалі гаварыць ад нашага імя, што мы, маці, падтрымліваем іх рашэньне пачаць гэтую братазабойчую вайну».

На сайце пазначана, што сябры ініцыятывы стварылі чаты ў сацыяльных сетках, раздавалі антываенныя ўлёткі, складалі пэтыцыі, зьбіралі подпісы, «тэлефанавалі тысячам жонак і маці вайскоўцаў у Беларусі, каб папярэдзіць іх аб бядзе, якая набліжаецца».

Раней ініцыятыва выступіла з заклікам да беларусаў:

«Распаўсюджвайце правераную інфармацыю, звароты ўкраінскіх уладаў, заклікі да міру. Трэба змагацца з дэзынфармацыяй расейскіх прапагандыстаў у сеціве. Выказваць сваю антываенную пазыцыю публічна. У вас шмат сябровак, якія ўсё яшчэ вераць інфармацыі толькі з тэлевізару, дайце ім альтэрнатыву. Перасылайце ім нашы паведамленьні, няхай яны ўбачаць праўду!»

На тэлеграм-канал ініцыятывы падпісана больш за шэсьць тысяч чалавек, на профіль у інстаграме — амаль дзьве тысячы.

Што адказалі маці

Саюз адрэагаваў на прызнаньне «экстрэмісцкім фармаваньнем» у сваім тэлеграм-канале. Адзначаецца, што некалькі тыдняў таму затрымалі яшчэ адну з жанчын, якая дапамагала распаўсюджваць антываенныя буклеты.

Удзельніцы руху задаюцца пытаньнем, за што менавіта іх прызналі экстрэмістамі:

«За тое, што мы ня хочам сьмерці нашым дзецям? Ці за тое, што маці — жанчыны, якія асьмеліліся стаць на абарону жыцьця, якое яны самі далі гэтаму сьвету, адважыліся сказаць не, нейкаму цару, які трымаецца сваімі тоўстымі старымі пальцамі за свой трон? За тое, што не захацелі аддаваць сваіх сыноў дзеля нечых амбіцый?».

Маці зьвярнуліся да беларускіх уладаў:

«Вы арыштоўваеце нашых маці за малітву! Вы гвалтуеце нашых дачок у турмах. Вы вымусілі зьехаць амаль мільён нашых людзей! Разумных, выдатных, сьветлых. Цэлымі сем’ямі, з маленькімі дзецьмі! Хто пасьля гэтага тэрарыст? Мацярынскае сэрца для любові, а не для нянавісьці. Мацярынскія рукі для малітваў, а не для выціраньня бясконцых сьлёз. Вы адкажаце за ўсё ня толькі перад Богам, але і перад намі. Перад кожнай маці Беларусі. Помніце нашыя словы».

Што трэба ведаць пра экстрэмізм у Беларусі

14 траўня 2021 году быў падпісаны закон «Аб зьмене законаў у пытаньнях супрацьдзеяньня экстрэмізму», які набыў моц 14 чэрвеня. Раней праект у Палату прадстаўнікоў унёс урад, 2 красавіка яго прынялі ў першым чытаньні, а 16 красавіка — у другім. Нягледзячы на тое, што зьмены закранаюць правы, свабоды і абавязкі грамадзян і юрыдычных асобаў, публічныя абмеркаваньні не праходзілі.

У Беларусі прызнаныя экстрэмісцкімі звыш 300 тэлеграм-рэсурсаў.

Тэлеграм-канал можа прызнавацца як экстрэмісцкім матэрыялам, так і экстрэмісцкім фармаваньнем. Калі ў яго статус «экстрэмісцкага фармаваньня», ягоныя падпісчыкі таксама могуць стаць фігурантамі крымінальных спраў. У той жа час падпіска на каналы, якія прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі», не караецца — пры ўмове, што падпісчык не аказвае падтрымкі ў папулярызацыі каналу: не рэпосьціць, не пералічвае грошай, не зьлівае туды інфармацыю.

«Матэрыялы» і «фармаваньні» сілавікі разьмяжоўваюць так: «экстрэмісцкія матэрыялы» — гэта тое, што робіць чалавек, а «экстрэмісцкія фармаваньні» — тыя, хто робіць.

Пры гэтым у МУС Беларусі адзначаюць, што стваральнікам, арганізатарам і ўдзельнікам экстрэмісцкіх фармаваньняў пагражае пазбаўленьне волі да 7 гадоў.

Першыя экстрэмісцкія фармаваньні ў Беларусі вызначылі ў сярэдзіне кастрычніка — інтэрнэт-рэсурсы dze. chat і «Рабочы рух». Цяпер іх ужо дзясяткі.

Прыцягнуць да адказнасьці за «экстрэмізм» цяпер могуць па цэлым шэрагу напрамкаў.

  • Экстрэмісцкія матэрыялы — рашэньне суду, якое прымаецца ў дачыненьні да інфармацыі.
  • Экстрэмісцкая група — устойлівая кіраваная група ў колькасьці дзьвюх ці больш асоб, якія папярэдне аб’ядналіся для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці.
  • Экстрэмісцкая арганізацыя — арганізацыя, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, альбо якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята і ўступіла ў законную сілу рашэньне суду аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.
  • Экстрэмісцкае фармаваньне — група грамадзян, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, або якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята рашэньне Міністэрства ўнутраных спраў або Камітэту дзяржаўнай бясьпекі аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG