Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На «Беларусьфільме» хочуць зьняць кіно пра Лукашэнку


Кінастудыя «Беларусьфільм»
Кінастудыя «Беларусьфільм»

Аб неабходнасьці зьняць фільм пра Аляксандра Лукашэнку заявіў у этэры тэлеканалу СТВ генэральны дырэктар кінастудыі «Беларусьфільм» Юры Аляксей.

Пры гэтым Юры Аляксей не ўдакладніў, мастацкі ці дакумэнтальны фільм ён мае на ўвазе. Ягоныя словы цытуе BPN.

«Гэта чалавек, які зрабіў гэтую краіну. Гэта чалавек, які вядзе беларусаў вось менавіта гэтым шляхам. Мы жывём ва ўнікальны час. Бачу, гэта нам трэба. „Беларусьфільм“ — з нашым прэзыдэнтам [Лукашэнку не прызнаюць легітымным кіраўніком Рэспублікі Беларусь у краінах Эўразьвязу, ЗША і шэрагу іншых дзяржаў. — заўв. РС], з нашай дзяржавай, мы праводзім яго палітыку, і гэта адлюстроўваецца ў нашых фільмах, як дакумэнтальных, так і мастацкіх. Культура — неад’емная частка дзяржаўнай палітыкі. Для гэтага „Беларусьфільм“ падтрымліваецца нашым урадам», — сказаў Аляксей.

Ён падкрэсьліў, што ня пусьціць «апазыцыянэраў працаваць» на студыю, зробіць усё магчымае, каб «Беларусьфільм» «прыняў маладых людзей, членаў БРСМ». Паводле Аляксея, на кінастудыю ўжо разьмеркавалі 12 маладых спэцыялістаў, а 19 студэнтаў Акадэміі мастацтваў замацавалі за яе супрацоўнікамі для навучаньня.

Гаворачы аб праектах, кіраўнік «Беларусьфільма» адзначыў: «Першыя крокі робіць наша студыя анімацыі. Гэта ідэалягічны кірунак, праекты зьвязаныя з сымбалямі нашай дзяржавы: герб, сьцяг, гімн. У гульнявой форме нашым дзеткам будуць тлумачыць, чаму наш сьцяг чырвона-зялёны».

Сваё бачаньне працы кінастудыі Аляксей вызначыў так: «Можа, нам ня трэба гнацца за Галівудам, за блёкбастарамі, можа, нам трэба сваё, пачынаючы ад ігравых фільмаў і мультфільмаў. Мы зараз разьвіваем розную накіраванасьць і ў „Летапісе“ (студыя дакумэнтальнага кіно. — BPN.). Там будуць фільмы пра такіх людзей, як Аляксей Талай, якія зьдзейсьнілі подзьвіг у сваім жыцьці (паралімпіец, фонд якога арганізуе перамяшчэньне непаўналетніх украінцаў, — BPN). Для маладых людзей будуць цікавыя новыя факты, адкрытыя пракуратурай аб генацыдзе. Гэта трэба паказваць».

Аляксей узначаліў «Беларусьфільм» у канцы ліпеня 2023 году. Да гэтага ён больш за 10 гадоў кіраваў «Гроднааблкінавідэапракатам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG