Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марзалюк шкадуе, што ў Польшчы не дазволяць мэмарыялы беларусам, забітых польскімі нацыяналістамі. Але яны даўно ёсьць


Залешаны. Помнік забітым беларусам
Залешаны. Помнік забітым беларусам

Старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў, гісторык Ігар Марзалюк заявіў пра неабходнасьць ушанаваньня памяці аб ахвярах «генацыду беларускага народа з боку польскіх нацыяналістаў у гады Другой сусьветнай вайны».

Паводле дэпутата, якога цытуе Белта, неабходна падлічыць усіх забітых да аднаго.

«Я наўмысна пазьбягаю тэрміна „палякамі“. Польскімі нацыяналістамі, якія былі ў гэтых атрадах, тых, хто забіваў беларусаў толькі за тое, што яны „мелі нахабства“ жыць на сваіх адвечных землях ад Стоўбцаў да Беластока. Мы павінны, я глыбока перакананы, стварыць такі мэмарыял плачу. У Беластоку нам, натуральна, не дазволяць, у Пухалах нам не дазволяць, але мы павінны зрабіць гэты міні-мэмарыяльны комплекс, дзе павінен быць пералік усіх зьнішчаных, усіх спаленых вёсак», — сказаў Ігар Марзалюк.

Пасьля Другой сусьветнай вайны, у студені 1946 году, аддзел антысавецкага польскага партызана Рамуальда Райса «Бурага» забіў групу мясцовых праваслаўных беларусаў. Агулам забілі 30 чалавек. 1 лютага 1946 жаўнеры «Бурага» спалілі вёскі Залешаны і Выганоўскую Вольку на Падляшшы. Усе імёны забітых гісторыкі ў Польшчы ўсталявалі дзясяткі гадоў таму. Пра гэтыя злачынствы апублікаваныя кнігі і навуковыя артыкулы.

Заява Марзалюка можа ўводзіць у зман, паколькі помнікі ў гонар забітых польскімі нацыяналістамі беларусаў у Польшчы даўно стаяцць. Ахвяры забойства ў Пухалах спачываюць на вайсковых могілках у Бельску Падляскім, дзе ўсталяваны помнік зь імёнамі ўсіх забітых, каля якога штогод адбываюцца жалобныя мерапрыемствы.

Ёсьць помнік забітым беларусам і ў вёсцы Залешаны.

Помнік забітым у Залешанах (архіўнае фота)
Помнік забітым у Залешанах (архіўнае фота)

У 2019 годзе, калі Польшчу наведаў тагачасны старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясьніковіч, ён стаў каля гэтага помніка на калені, каб ушанаваць памяць беларусаў.

Камуністычныя ўлады Польшчы арыштавалі «Бурага ў лістападзе 1948. У кастрычніку 1949 году яму прысудзілі сьмяротнае пакараньне. Прысуд быў выкананы 30 сьнежня 1949.

У 1995 годзе, на хвалі рэабілітацый асуджаных камуністамі ўдзельнікаў антыкамуністычнага супраціву ў Польшчы, Вайсковы суд у Варшаве скасаваў сьмяротны прысуд «Бураму» і рэабілітаваў яго, афіцыйна заявіўшы, што палячы беларускія вёскі і забіваючы мірнае насельніцтва, Ромуальд Райс знаходзіўся ў «абставінах вышэйшай неабходнасьці, якая прымушала яго рабіць дзеяньні не заўсёды адназначныя этычна». Польская дзяржава выплаціла фінансавую кампэнсацыю сыну Ромуальда Райса за сьмерць бацькі.

Сьледзтва ў справе крывавага рэйду «Бурага» ў поскамуністычнай Польшчы доўгія гады вёў Інстытут нацыянальнай памяці (ІНП) — інстытуцыя, якая займаецца «злачынствамі супраць польскай нацыі». Інстытут спыніў гэтае сьледзтва ў 2005 годзе, зрабіўшы выснову, што дзеяньні «Бурага» ў студзені-лютым 1946 на Беласточчыне «мелі прыкметы генацыду».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG