Па расейскай дзяржаўнай тэлевізіі прадэманстравалі сюжэт, у якім прызналі факт згону свайго верталёта ва Ўкраіну разам з запчасткамі да самалётаў.
Аўтар матэрыялу расказаў, на якім месцы знаходзіўся камандзір экіпажу Максім Кузьмінаў і ягоныя падначаленыя пілёты, як ён аддаў загад зьнізіцца на малую вышыню.
«Свой апошні вылет здраднік Кузьмінаў ажыцьцяўляў з аэрадрому ў Растоўскай вобласьці. Як кажуць вайскоўцы, усё было штатна — машыну праверылі, яна была спраўнай, паліва пад гарлавінай бакаў, экіпаж на сваіх месцах. Гэта быў звычайны транспартны вылет», — паведаміў расейскі карэспандэнт.
Аўтар матэрыялу сьцьвярджае, што сувязь з бортам зьнікла празь некалькі хвілін пасьля таго, як верталёт забраў запчасткі.
«Меркаваць, што тэхнік і „другі нумар“ не заўважылі, як камандзір экіпажу перавёў рацыю ў рэжым радыёмаўчаньня, немагчыма. Паверыць у тое, што яны ж не здагадаліся, што камандзір рэзка зьмяніў курс, нерэальна. Выснова напрошваецца толькі адна: на гэты момант яны былі ўжо мёртвыя», — адзначаецца ў матэрыяле.
У тэлеграм-канале «Вести», у якім апублікавалі фрагмэнт 10-хвіліннага матэрыялу, адзначаецца, што, паводле першай экспэртызы, камандзір Максім Кузьмінаў застрэліў чальцоў свайго экіпажу.
У поўнай вэрсіі сюжэту паведамілі аб тым, што целы іншых лётчыкаў гэтага экіпажу перадалі Расеі праз тры тыдні пасьля перагону верталёта, і экспэртыза паказала, што іх застрэлілі нібыта зь невялікай адлегласьці. У кожнага зь пілётаў адно кулявое раненьне.
У матэрыяле аўтар сьцьвярджае, што афіцэры спэцыяльнага прызначэньня Галоўнага ўпраўленьня Мінабароны Расеі ўжо атрымалі загад «на зьнішчэньне Кузьмінава».
15 верасьня Міністэрства абароны Расеі паведаміла толькі аб зьніклым бязь зьвестак экіпажы расейскага верталёт Мі-8, аднак не ўдакладняла, што яго сагналі. Тады ж адзначалі, што ў складзе экіпажу былі толькі грамадзяне Расеі.
23 жніўня ўкраінская выведка паведаміла, што выбавіла расейскі верталёт Мі-8 на сваю тэрыторыю разам з запчасткамі да самалётаў, а ў пачатку верасьня ўдакладнілі падрабязнасьці апэрацыі «Сініца».