Паводле суразмоўцаў Reuters, выпадкі падзеньня бесьпілётнікаў на тэрыторыі Румыніі прымушаюць румынскіх вайскоўцаў умацоўваць абарону краіны.
Бухарэст і NATO занепакоеныя тым, што расейскія абстрэлы чарнаморскіх партоў у Адэскай вобласьці могуць закрануць румынскую тэрыторыю. Раней Румынія разьмясьціла ў сябе сотню дадатковых амэрыканскіх зьнішчальнікаў F-16 за 150 кілямэтраў на поўдзень ад Ізмаіла і пашырыла беспалётную зону ўздоўж мяжы з Украінай да 30 кілямэтраў.
30 верасьня Мінабароны Румыніі паведаміла, што ўначы паветраную прастору краіны, імаверна, маглі парушыць расейскія дроны, якія атакавалі Ўкраіну. На магчымае несанкцыянаванае пранікненьне ў нацыянальную паветраную прастору ўказала радыёлякацыйная сыстэма назіраньня румынскай арміі. Пакуль аб’ектаў, які б упалі на тэрыторыі краіны, знайсьці не ўдалося, пошукі працягваюцца сёньня.
Раней Мінабароны Румыніі паведамляла, што ў верасьні на тэрыторыі краіны ўпалі тры бесьпілётнікі. Адзін упаў у вёсцы Плаўру, якая знаходзіцца на беразе Дуная насупраць Ізмаіла. Там вайскоўцы пабудавалі два бамбасховішчы, а жыхары атрымліваюць паведамленьні на мабільныя тэлефоны пра дроны, якія рухаюцца ў напрамку Румыніі. Пры гэтым мясцовыя ўлады прызнаюць, што дрэнны сыгнал сувязі абмяжоўвае эфэктыўнасьць папярэджаньняў.
Прэзыдэнт Румыніі Клаўс Ёханіс і NATO раней ня ўбачылі ў дзеяньнях Расеі наўмысных нападаў, але прызналі, што падзеньне абломкаў бесьпілётнікаў уяўляе вялікую праблему для Бухарэста.