Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Узброеныя сілы Ўкраіны: Некаторыя вагнэраўцы вяртаюцца зь Беларусі ў Бахмут


Вагнэраўцы ў Беларусі
Вагнэраўцы ў Беларусі

Пра гэта заявіў прадстаўнік Усходняй групоўкі войскаў Узброеных сілаў Украіны (УСУ) Ільля Яўлаш.

«Былыя вайскоўцы прыватнай вайсковай кампаніі „Вагнэр“ цяпер сапраўды прысутнічаюць на тэрыторыі ўсходняй групоўкі войскаў. Яны ўдзельнічаюць у баявых дзеяньнях. У прыватнасьці, яны паступаюць з тэрыторыі Беларусі, дзе былі іх лягеры. Зараз іх расфармоўваюць.

Гэтыя вайскоўцы паступаюць у розныя падразьдзяленьні — частка зь іх адпраўляецца ў Афрыку, некаторыя перападпісваюць кантракты зь Мінабароны РФ і ўдзельнічаюць у вайне на розных пасадах, у прыватнасьці на інструктарскіх.

Некаторыя ідуць у звычайныя баявыя падразьдзяленьні. Яны не нясуць такой пагрозы, як гэта было, напрыклад, яшчэ год таму, з прычыны страты іх галоўнага верхавода Яўгенія Прыгожына», — сказаў Яўлаш у інтэрвію «Ўкраінскай праўдзе».

Пра тое, што вагнэраўцаў сустракаюць на фронце, у прыватнасьці ў раёне Бахмута, у інтэрвію CNN расказаў іншы ўкраінскі вайсковец.

Пра гэта ж пісалі расейскія тэлеграм-каналы, у якіх сьцьвярджалася, што ва Ўкраіну вяртаюцца тыя з былых наймітаў ПВК «Вагнэр», якія адкалоліся ад кампаніі пасьля мяцяжу Прыгожына. Сьцьвярджаецца, што іх узначальвае Андрэй Трошаў з пазыўным «Сівы».

Што важна ведаць пра наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі

  • «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі.
  • Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
  • Асноўнае месца дысьлякацыі вагнэраўцаў у Беларусі — вайсковая база ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну Магілёўскай вобласьці, за 90 кілямэтраў ад Менску. Вайсковую базу пачалі рыхтаваць да прыезду ПВК «Вагнэр» у канцы чэрвеня. На спадарожнікавых здымках, якія публікавала Свабода, відаць, што ў лягеры паставілі больш за 300 вайсковых намётаў.
  • Паводле інфармацыі The Washington Post, ад 22 ліпеня на базу таксама прыбылі «дзясяткі, калі ня сотні» адзінак баявой тэхнікі. Паводле зьвестак Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, на 22 ліпеня колькасьць расейскіх наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі магла дасягаць 5 тысяч.
  • 19 ліпеня кіраўнік «Вагнэра» Яўгеній Прыгожын выступіў перад наймітамі ў вёсцы Цэль, дагэтуль ён некалькі разоў туды прылятаў.
  • Другі пункт, дзе былі найміты ПВК «Вагнэр», — палігон «Берасьцейскі» на поўдні ад абласнога цэнтру. Ён месьціцца за некалькі кілямэтраў ад мяжы з Польшчай і за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад мяжы з Украінай.
  • 20 ліпеня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб сумесным трэнаваньні на гэтым палігоне наймітаў ПВК «Вагнэр» і Сілаў спэцыяльных апэрацыяў Беларусі.
  • Аляксандар Лукашэнка заявіў, што вагнэраўцы просяцца на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў, а потым сказаў, што гэта быў жарт.
  • 31 ліпеня 2023 году зьявіліся фота фартыфікацыяў на палігоне «Рэпішча» пад Асіповічамі за 15 кілямэтраў ад лягеру наймітаў «Вагнэра» ў вёсцы Цэль. На здымку сэрвісу Planet Labs відаць, што на тэрыторыі палігону ідуць актыўныя будаўнічыя працы.
  • 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG