Вырак у Воршы
1 год і 3 месяцы пазбаўленьня волі прысудзілі аршанскай пэнсіянэрцы, якая мае інваліднасьць, за адно «няправільнае» слова ў «Аднаклясьніках», піша «Вясна». Прысуд 63-гадовай Вользе Стаброўскай вынесла судзьдзя суду Аршанскага раёну Юлія Вяршыніна. Жанчыну абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 368 КК.
Па матэрыялах абвінавачваньня, Стаброўская ў 2021 годзе ў сацыяльнай сетцы «Аднаклясьнікі» паставіла падабайку і пакінула кароткі камэнтар, у якім экспэртыза «знайшла» абразу на адрас Лукашэнкі.
Да пэнсіі Вольга працавала ў Аршанскай друкарні. Апошнім часам у яе абвастрыліся хваробы, яна мае інваліднасьць трэцяй групы. Хварэе і адзіная ейная дачка.
Суд у Менску
У судзе Фрунзэнскага раёну пачынаюць судзіць сямейную пару Разьведчыкавых — Дзьмітрыя і Вольгу. Паводле зьвестак «Вясны», сужэнцаў затрымалі 9 жніўня. Іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ўвосень 2020 году. Справу будзе разглядаць судзьдзя Ала Скуратовіч. Дзьмітры і Вольга жанатыя больш за 15 гадоў, маюць дваіх непаўналетніх дзяцей.
У відэа сілавікоў таксама дэманструюцца паведамленьні Вольгі зь сяброўскага чату пад назвай «Санта крыса!», у якім усе людзі падпісаныя ўласнымі імёнамі. Як паведамляе «Наша ніва», пэўна, спачатку затрымалі кагосьці зь сяброў пары, а пасьля вышлі на Разьведчыкавых.
Канал ГУБАЗіК сьцьвярджае, што гэта ўжо трэцяя пара затрыманых з чату «Санта крыса!».
Затрыманьні ў Ваўкавыску
На відэа сілавікоў затрыманыя «прызнаюцца» ў падпісках на «экстрэмісцкія» каналы і ў тым, што ў 2020 годзе ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту, піша «Вясна».
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, актыўнасьць сілавікоў у Ваўкавыску зьвязаная з інцыдэнтам, які адбыўся днямі ў горадзе — на адным з выклікаў (бытавая сытуацыя, не зьвязаная з палітычным перасьледам) пабілі супрацоўніка міліцыі. Пасьля гэтага ў горад адправілі сілавікоў зь Менску і Горадні, якія і пачалі «зачыстку», паведамляюць праваабаронцы.
Праваабаронцы: у Карэлічах затрымалі дзевяць чалавек
26 верасьня ў Карэлічах Горадзенскай вобласьці, паводле папярэдніх зьвестак праваабарончага тэлеграм-канала MAYDAY TEAM, затрымалі дзевяць чалавек. Ускосна гэта пацьвярджаецца тым, што частка гэтых людзей не выходзіць на сувязь са сваякамі.
Папярэдняй прычынай затрыманьня называюць «лайкі і рэакцыі ў мэсэнджарах і сацыяльных сетках».
Мужчыну асудзілі за публікацыю зьвестак пра сем’і супрацоўнікаў РАУС пасьля бытавога канфлікту
Гарадзенца Паўла Голава асудзілі да пазбаўленьня волі ў калёніі паводле ч.2 арт. 203-1 (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да інфармацыі аб прыватным жыцьці і пэрсанальных зьвестак) і арт. 188 (паклёп) Крымінальнага кодэксу, паведамляе «Вясна».
Дакладны тэрмін невядомы. Але мужчыну вызвалілі з-пад варты, бо да суду ён знаходзіўся пад вартай і цалкам адбыў прызначаны тэрмін. Таксама ён мусіць выплаціць штраф: ягоны памер таксама невядомы.
Павал расказаў пра бытавы канфлікт на лесьвічнай пляцоўцы зь дзьвюма семʼямі — чатырма супрацоўнікамі РАУС, якія жывуць зь ім у адным доме. Сытуацыю здымаў на тэлефон сын Горава, гэта не спадабалася супрацоўнікам РАУС, таму, калі тэлефон упаў на падлогу, адзін зь іх паспрабаваў яго забраць. Гораў зьвярнуўся з гэтай нагоды ў міліцыю, але калі не атрымаў дадзеных пра разгляд заявы, разьмясьціў відэазапісы канфлікту і фатаздымкі ўдзельнікаў у чаце.
ГУБАЗіК затрымаў мужчыну за лёзунг «Жыве Беларусь»
Праўладныя тэлеграм-каналы сьцьвярджаюць, што мужчына ў сваіх сацсетках «падтрымліваў нацызм і экстрэмізм, а дома захоўваў і выкарыстоўваў БЧБ-сымболіку».
Таксама яны абвінавацілі яго ў тым, што мужчына «дадумаўся на сваім участку напісаць нацысцкую крычалку на ўкраінскі манер» — гаворка пра лёзунг «Жыве Беларусь», заўважылі праваабаронцы «Вясны».
Да грамадзяніна Ўкраіны, які знаходзіцца ў магілёўскім ІЧУ, не пускаюць адваката
Нагадаем, 29 жніўня сілавікі правялі ператрус у кватэры вядомай у горадзе прадпрымальніцы Іны Царовай (Пастновай), якая займаецца разьвіцьцём салёнаў прыгажосьці і цырульняў. Разам зь ёю затрымалі і мужа, украінца Цімура Пастнова.
Абаіх павезьлі на допыт, пасьля чаго Іна вярнулася дадому, а муж — не. У выніку жанчына атрымала штраф у памеры 100 базавых велічыняў (3700 рублёў). Акрамя таго, на наступны дзень кантрольныя органы прыйшлі ў два яе салёны прыгажосьці і закрылі іх.
Як паведамляе @MAYDAYMog, на дадзены момант Іна разам зь непаўналетнім дзіцем пакінула тэрыторыю Беларусі. Што да яе мужа, то вядома, што ён дагэтуль знаходзіцца ў магілёўскім ІЧУ, як мяркуецца, у чаканьні ануляваньня дазволу на жыхарства і прымусовай дэпартацыі. Дакладны ягоны статус невядомы, адваката да яго не пускаюць.