Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскі суд адмяніў дэпартацыю высланага зь Беларусі кубінца, які ўдзельнічаў у акцыях 2020 году


Рабэрта Вальдэс Касануэва
Рабэрта Вальдэс Касануэва

Літоўскі суд прыняў рашэньне, паводле якога кубінец Рабэрта Вальдэс Касануэва ня будзе дэпартаваны з краіны.

Кубінец Рабэрта Вальдэс Касануэва ня будзе дэпартаваны на Кубу. Такое рашэньне прыняў Віленскі акруговы адміністрацыйны суд, паведаміў у сваім фэйсбуку праваабаронца Андрэй Стрыжак.

Рабэрта Вальдэс Касануэва быў затрыманы ў Менску падчас масавых пратэстаў і трынаццаць месяцаў правёў на Акрэсьціна, чакаючы дэпартацыі на Кубу праз Расейскую Фэдэрацыю. Яму ўдалося атрымаць гуманітарную візу і прыехаць у Літву, аднак Дэпартамэнт у справах міграцыі вырашыў, што на радзіме кубінцу нічога не пагражае.

Касануэва абскардзіў рашэньне дэпартамэнту ў судзе, грошы на адваката сабралі праз BYSOL.

«Дзякуй вялізарны ўсім за падтрымку і дапамогу, сябры! Я шчасьлівы, што вы ў мяне ёсьць, усе вы!» — цытуе словы Рабэрта Касануэвы Андрэй Стрыжак і раіць беларусам, якія апынаюцца на тэрыторыі краінаў ЭЗ у складанай сытуацыі, карыстацца перавагамі дэмакратыі і зьвяртацца ў судовыя органы.

Кубінец Рабэрта Вальдэс Касануэва пражыў у Беларусі 30 гадоў. Рабэрта — графічны дызайнэр. У 2020 годзе, нават ведаючы пра магчымую дэпартацыю, ён выходзіў на акцыі пратэсту. Пасьля затрыманьня яго пратрымалі год і адзін месяц на Акрэсьціна. 10 сьнежня 2021 году яго выслалі з краіны. Калі Касануэву вызвалілі, яго пасадзілі на самалёт у Расею: у дакумэнце, які яму далі, у кубінца высылка зь Беларусі на 3 гады.

Рабэрта Касануэва— графічны дызайнэр. У Беларусі ў яго засталіся трое дзяцей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG