29 верасьня ў Музэі гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча адбудзецца адкрыцьцё выставы мастацкай спадчыны Васіля Быкава з фондаў Дзяржаўнага музэя гісторыі беларускай літаратуры, піша Reform.by.
Васіль Быкаў вядомы найперш як пісьменьніка, аднак ён спрабаваў свае творчыя сілы і ў выяўленчым мастацтве, захапляўся маляваньнем з дзяцінства. «Выяўленчае мастацтва ўвайшло ў маю душу з малюнкаў, кніжных ілюстрацый, — пісаў Васіль быкаў у мэмуарнай кнізе „Доўгая дарога дадому“. — Асабліва захаплялі гравюры ў старых кнігах Жуля Верна ды іншых».
У 1939 годзе, пасьля сканчэньня 8 клясаў Кубліцкай сярэдняй школы, Васіль Быкаў паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча. Аднак увосень 1940 года, у сувязі з пагаршэньнем матэрыяльнага становішча сям’і і адменай дзяржаўных стыпэндый, вымушаны быў пакінуць вучобу. Пасьля дэмабілізацыі ў 1947-м Быкаў прыехаў у Менск, дзе зноў плянаваў паступіць у мастацкае вучылішча. Але ў выніку трапіў у Горадню, дзе некаторы час працаваў у мастацкіх майстэрнях.
На выставе «Васіль Быкаў. Праз абрысы і лініі» прадстаўленыя вобразы родных мясьцін Быкава, успаміны пра вайну, жыцьцёвыя ўражаньні, прыемныя і не вельмі прыемныя выпадкі з уласнага жыцьця, самаіранічныя накіды.
Выстава будзе працаваць да 13 лістапада.
Адкрыцьцё выставы 29 верасьня, 17:00. Віцебск, вуліца Марка Шагала, 5а.