Пры ўзгадненьні прызначэньняў новых кіраўнікоў мясцовай вэртыкалі Лукашэнка даў ім шэраг даручэньняў наконт будучых электаральных кампаній, піша БЕЛТА.
«Я вас вельмі прашу і яшчэ раз падкрэсьліваю: кампартыі няма, усё ў вашых руках. Наперадзе буйныя электаральныя кампаніі, дзе ідэалягічны складнік мае першараднае значэньне. Працуйце, думайце, хто будзе прадстаўляць вас у парлямэнце, Усебеларускім народным сходзе. Мы абсалютна не хаваем таго, што мы кагосьці будзем падтрымліваць. Гэта зразумела.
Калі б мы зараз, ведаеце, такімі цнатлівымі сябе ўяўлялі, з нас бы проста сьмяяліся. У ніводнай дзяржаве, самай дэмакратычнай... Вазьміце, нас увесь час амэрыканцы вучылі. Вы бачыце, як там праходзіла і праходзіць выбарчая кампанія. Барані нас бог так праводзіць яе, па пошце асабліва. І калі б мы так праводзілі, нас бы — цяпер не, а раней — зь зямлі сьцерлі», — цытуе Лукашэнку БЕЛТА.
Лукашэнка расказаў, каго трэба прасоўваць:
«Таму ў нас ёсьць свае задачы, ёсьць свае мэты. Вызначаеце годных патрыятычных людзей, прафэсіяналаў. І падтрымлівайце іх на парлямэнцкіх выбарах і ва Ўсебеларускі народны сход. Нічога я не хаваю, і вам хаваць няма чаго. Але гэта павінны быць прафэсіяналы, вартыя людзі. Каб людзі, даведаўшыся пра кандыдатаў, якіх мы падтрымліваем, ня кідалі нам у твар усякія гадасьці. Разумных, таленавітых людзей у нас дастаткова», — дадаў ён.
Аляксандар Лукашэнка 25 верасьня прызначыў свайго памочніка-інспэктара па Гомельскай вобласьці, а таксама ўзгадніў новых кіраўнікоў у шасьці раёнах і Віцебску, двух намесьнікаў міністра і дырэктараў «Лідсельмаша» і «Бабруйскаграмаша».