Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Такім было хіба ВКЛ». Беларуска правяла некалькі месяцаў у Сьера-Леонэ і расказала, што яе ўразіла


Вераніка Лапуцька
Вераніка Лапуцька

У ліпені ў афрыканскай краіне Сьера-Леонэ адбыліся агульнанацыянальныя выбары. На іх выбіралі прэзыдэнта, парлямэнт і мясцовыя ўлады. Беларуска Вераніка Лапуцька была на гэтых выбарах назіральніцай у складзе місіі Эўразьвязу.

У Сьера-Леонэ Вераніка правяла два месяцы. Прыехала яшчэ ўвесну, каб сачыць за ўсім працэсам падрыхтоўкі да выбараў як мэдыяаналітык. У яе была свая каманда, якая займалася маніторынгам традыцыйных мэдыя, сустракалася з прадстаўнікамі СМІ, мэдыяарганізацыямі. І на падставе ў тым ліку і яе працы цяпер паўстае справаздача Эўразьвязу. Канчатковы дакумэнт апублікуюць у кастрычніку. Да гэтага моманту назіральнікам ЭЗ забаронена публічна ацэньваць выбары ў Сьера-Леонэ. Таму ў інтэрвію Свабодзе Вераніка расказвае не пра выбары і палітыку, а пра свае ўражаньні ад гэтай краіны.

«Адна з самых бясьпечных краін Афрыкі. Паўсюль побач і мячэці, і касьцёлы»

Сьера-Леонэ знаходзіцца ў заходняй Афрыцы, на ўзьбярэжжы Атлянтычнага акіяну. Гэта 8-мільённая краіна са сталіцай у горадзе Фрытаўн, якая мяжуе з Гвінэяй і Лібэрыяй. Назва краіны паходзіць з XV стагодзьдзя, калі туды прыплылі партугальскія маракі. Яны назвалі гэтую зямлю «Львінымі гарамі». Доўгі час Сьера-Леонэ была калёніяй Вялікай Брытаніі. Але з 1961 году гэта незалежная дзяржава.

Сьера-Леонэ стала першай у жыцьці афрыканскай дзяржавай, куды трапіла Вераніка.

«Ад моманту прызямленьня ўсё было ня так, як я прывыкла ў Эўропе. Аэрапорт знаходзіцца ў затоцы і адтуль трэба на лодцы плысьці ў горад. Гэта вельмі цікавы досьвед. Інакш адтуль проста не дабярэсься. Раней яшчэ былі верталёты, але пасьля таго, як падчас пералёту загінула адна з футбольных камандаў, ад верталётаў адмовіліся. І таму цяпер толькі лодкі. Да сталіцы плысьці недзе 40 хвілін, усё гайдаецца, хвалі і вецер у твар. У Фрытаўне на лодачнай станцыі ўсе разьяжджаюцца, куды каму трэба», — расказвае Вераніка.

Сьера-Леонэ лічыцца адной з самых бясьпечных краінаў Афрыкі. Яшчэ да прыезду калегі тлумачылі Вераніцы, што гэта ідэальнае месца, калі ты пачынаеш працаваць у Афрыцы, каб не было шоку.

«Ёсьць афрыканскія краіны, дзе эўрапейцам, асабліва жанчынам, забаронена выходзіць з памяшканьня без суправаджэньня. У Сьера-Леонэ такой праблемы няма. Я гуляла там і сама, але толькі ўдзень. Паводле ўнутраных правілаў бясьпекі ўначы было нельга. Але няма там і такога, што ёсьць у нашай частцы Эўропы: калі людзі бачаць чарнаскурага чалавека, то ўсе пачынаюць глядзець. Там усім да лямпачкі, калі бачаць белага. Гэта зьвязана з тым, што, калі скончылася грамадзянская вайна, то там працавала вельмі шмат іншаземцаў, ААН, іншыя місіі. Таму ў іх традыцыйна было шмат іншаземцаў. І яны спакойна да іх ставяцца», — расказвае Вераніка.

Грамадзянская вайна ў Сьера-Леонэ пачалася ў 1991 годзе і працягвалася 11 гадоў. Супраць ураду выступілі радыкальныя паўстанцы. Іх абвінавачваюць у рабаваньнях, забойствах, адсячэньнях канцавінаў, згвалтаваньнях.

Вераніка называе Сьера-Леонэ надзвычай талерантнай краінай. 77% жыхароў краіны — мусульмане. Хрысьціяне там у меншасьці, пры гэтым суіснаваньне дзьвюх рэлігій вельмі мірнае.

«Такой хіба была Беларусь у часы ВКЛ. Паўсюль побач мячэці і касьцёлы. Пры гэтым там розныя канфэсіі — пратэстанты, ёсьць пяцідзясятнікі, ёсьць іншыя рэлігіі. Вельмі распаўсюджаныя шлюбы паміж мусульманамі і хрысьціянамі. Што цікава, яны даволі лёгка пераходзяць з адной рэлігіі ў другую. Я размаўляла зь дзяўчынай, былой мусульманкай. Яна выйшла замуж за хрысьціяніна і дзеля яго прыняла хрысьціянства. Яе бацькі не былі шчасьлівыя, але жывуць нармальна. Яшчэ адзін мясцовы расказаў, што таксама ажаніўся з хрысьціянкай. Ранкам у дзень шлюбу яны былі ў касьцёле, а потым паехалі ў мячэць», — расказвае Вераніка.

Пятніца — важны дзень для мусульманаў. У Сьера-Леонэ ён важны і для хрысьціян. Незалежна ад рэлігіі, жыхары краіны ў гэты дзень апранаюцца сьвяточна, у традыцыйную вопратку (і мужчыны, і жанчыны) і гуляюць па горадзе, сустракаюцца сем’ямі.

Вераніка з жанчынамі са Сьера Леонэ падчас сьвяткаваньня Курбан-байрам
Вераніка з жанчынамі са Сьера Леонэ падчас сьвяткаваньня Курбан-байрам

«Пасьля грамадзянскай вайны ў іх пачала працаваць арганізацыя „Міжрэлігійная рада“. У яе працы бяруць удзел прадстаўнікі абсалютна ўсіх рэлігій: габрэі, мусульмане, хрысьціяне. Гэтая рада мае права ўваходзіць ва ўправу грамадзкай тэлевізіі або ў іншыя журналісцкія арганізацыі. Яна лічыцца добрым прыкладам для іншых афрыканскіх краінаў, каб дамагчыся міру і паразуменьня». — гаворыць Вераніка.

«Атрымаць адукацыю ў Сьера-Леонэ ня так проста»

Галоўная мова камунікацыі ў краіне ангельская. На ёй размаўляюць усе. Але ёсьць у Сьера-Леонэ і мова крыё, на ёй размаўляе бальшыня. Гэта трошкі зьмененая ангельская, яна ўтварылася пасьля вяртаньня ў Афрыку былых рабоў з Амэрыкі. У розных рэгіёнах ёсьць яшчэ ўласныя спрадвечныя мовы. Часам дзеці размаўляюць на чатырох мовах: на мовах таты і мамы, крыё і ангельскай. Рэгіянальныя мовы, дарэчы, выкарыстоўваліся і падчас перадвыбарчай кампаніі. У Сьера-Леонэ стараюцца падтрымліваць дыялекты, але СМІ і адукацыя — на ангельскай альбо крыё.

«У Фрытаўне знаходзіцца самы стары ўнівэрсытэт заходняй Афрыкі. Але атрымаць адукацыю ў Сьера-Леонэ ня так проста. І справа тут зусім не ў жаданьні, а ў аб’ектыўных умовах. Цяпер у краіне сэзон дажджоў, электрычнасьць нестабільная, усё працуе на генэратарах. А яны ёсьць не паўсюль», — кажа Вераніка.

Падчас паездак у іншыя рэгіёны яна заўважыла, што электрычнасьці там можа ня быць увогуле. Тады і вады няма, бо яе электрычнасьць пампуе. У такіх умовах, лічыць беларуска, складана атрымліваць адукацыю, бо нават нельга зарадзіць батарэю кампутара. Ёсьць праблемы і з санітарыяй. Часам на цэлую ўстанову можа працаваць адзін туалет.

«Калі я глядзела на ўсё гэта, я захаплялася гэтымі людзьмі. У іх можа быць адзін кампутар на ўсю сям’ю, праблемы з электрычнасьцю. Калі пачынаецца сэзон дажджоў, то можа размыць дарогі і немагчыма нікуды даехаць. Грамадзкага транспарту, па сутнасьці, няма, ёсьць таксоўкі. Людзі дамаўляюцца, каб недзе даехаць разам. На месцы аднаго чалавека на матацыкле можа ехаць тры. За пару даляраў. Пры гэтым яна імкнуцца атрымаць адукацыю», — расказвае Вераніка.

«Асноўная ежа — рыс, смажаныя бататы, плянтаны»

Сьера-Леонэ нятанная краіна для жыцьця. Цэны даволі высокія. У сувязі з тым, што няма добрай лягістыкі, каналізацыя і электрычнасьць вельмі дарагія, канкурэнцыя абмежаваная. Пакой у сярэднім гатэлі за адну ноч можа каштаваць ад 60 да 150 даляраў.

«У іх, напрыклад, няма ўласнай кураціны ў крамах. Курынае мяса завозяць з Бразыліі і Аргентыны. І яно там каштуе таньней, чым мяса на мясцовым рынку. Вельмі танныя ўласныя морапрадукты і садавіна. Вялізны лобстэр па 7 эўра ў рэстаране. Але неяк мы шукалі памідоры, то за кіляграм прывезеных з Эўропы памідораў трэба было заплаціць 17 даляраў. Свае памідоры ў іх ня вельмі смачныя. Там багата капусты, морквы, але шмат што яны ядуць замарожанага», — расказвае Вераніка.

Паесьці ў рэстаране каштуе ад 10 да 25 эўра. Рэстараны сабе могуць дазволіць толькі некаторыя катэгорыі эліты, у якіх высокі заробак. Сярэдні заробак у краіне — каля 50$. На вуліцы пераважна бедныя людзі, іх вельмі шмат.

Сьера-Леонэ здабывае дыямэнты і руду, яе глебы багатыя на розныя мінэралы. Часам руды ледзь не 80%. Яе вельмі танна здабываюць і дорага прадаюць. Але займаецца гэтым усяго некалькі кампаніяў. Афіцыйнае беспрацоўе ў Сьера-Леонэ амаль 4%, але рэальнае вышэйшае, бо ў статыстыку трапляюць толькі тыя, хто афіцыйна шукае працу. Шмат людзей паехалі на працу ў ЗША і Вялікую Брытанію, Нідэрлянды.

Па статыстыцы, вялікая частка сьера-леонцаў корміцца менавіта дзякуючы сваякам на Захадзе. Асноўная ежа — рыс, смажаныя бататы, плянтаны. Мяса або рыбу яны ядуць рэдка.

Сталіца нашмат багацейшая, чым рэгіёны, і шмат хто намагаецца пераехаць у Фрытаўн. У вёсках у асноўным няма санітарных умоваў, людзі жывуць, па сутнасьці, у буданах, смажаць ежу на вогнішчы.

«У сэзон дажджоў няма транспарту і перастае працаваць электрычнасьць»

Калі ў краіне спыняецца сэзон дажджоў, то прыяжджае багата турыстаў. У Сьера-Леонэ вельмі прыгожыя пляжы, лясістыя ўзгоркі.

«Але ў горадзе пляжы вельмі брудныя. Можа быць паласа 200 мэтраў шырынёй на адзін-два кілямэтры з плястыку. Людзі неяк аб’ядноўваюцца, каб гэта прыбіраць. Яны і самі выкідваюць сьмецьце, але прыходзіць шмат плястыку і з акіяну. Але знайсьці можна і вельмі цудоўныя пляжы, людзі там купаюцца і сёрфяць». — кажа Вераніка.

Сэзон дажджоў у Сьера-Леонэ пачынаецца ў чэрвені і працягваецца да кастрычніка. Кожны дзень зь вечара да ранку можа ісьці дождж. У Афрыцы вельмі лёгка пабачыць наступствы зьмены клімату. За апошнія 10-15 гадоў усё перамяшалася.

«Дождж можа ісьці тры дні запар, а потым можа ня ісьці. Ужо няма той рэгулярнасьці, якая была 30 гадоў таму. І тады размывае ўсе дарогі, перастае працаваць электрычнасьць, няма транспарту, каб зь вёсак людзям даехаць па харч. Гэта сьцяна дажджу, трапічная залева, у якой ты прамакаеш за сэкунду. У гэты час людзі сядзяць дома, усё перастае працаваць. Яны ўсё плянуюць па-за гэтым сэзонам. Гэта нешта накшталт зімы ў нас. А лета ў іх супадае з нашай зімой, тады і турысты прыяжджаюць, і земляробства ажывае».

«У рэйтынгу свабоды СМІ Сьера-Леонэ займае 74-е месца. Беларусь — 157-я»

У рэйтынгу свабоды СМІ Сьера-Леонэ займае 74-е месца. Для параўнаньня — Беларусь на 157-м месцы. Вераніка кажа, што ў Сьера-Леонэ сапраўды вельмі разьвітая мэдыйная прастора і арганізацыі, якія займаюцца СМІ. Ёсьць адмысловыя арганізацыі, якія аб’ядноўваюць толькі журналістак-жанчын.

«Вельмі часта гэта людзі, якія атрымалі адукацыю ў Англіі або ЗША, а пасьля вярнуліся ў сваю краіну, бо яны хочуць яе зьмяняць. Такія сапраўдныя патрыёты. Разьвітая моцна сетка газэт. Самае папулярнае СМІ — радыё. Гэта зьвязана з праблемамі з электрычнасьцю і беднасьцю. Шмат у каго проста няма грошай на электрычнасьць. Але журналісты ў іх вельмі сьмелыя, адданыя сваёй прафэсіі. Працуюць часам з адным кампутарам на ўсю рэдакцыю, без кандыцыянэра, зь перабоямі з электрычнасьцю, з туалетам на вуліцы. Але не баяцца задаваць рэзкіх пытаньняў на прэс-канфэрэнцыях. Часам здараюцца і канфлікты з чыноўнікамі. Я была ўражаная ўзроўнем разьвіцьця журналістыкі», — гаворыць Вераніка.

Цікавяцца мясцовыя і палітыкай. Беларуска кажа, што бачыла, як людзі прыходзілі на выбарчыя ўчасткі а 5-й раніцы і стаялі шмат дзе ў чэргах, нават пад дажджом.

«Яны вераць у інстытут выбараў, для іх важна аддаць голас і паўдзельнічаць у жыцьці краіны. Там шмат партый. У выбарах прэзыдэнта бралі ўдзел 13 кандыдатаў. Дарэчы, ніякіх палітвязьняў у краіне няма, — расказвае Вераніка. — Багата хто пытаўся пра вайну Ўкраіны з Расеяй. Пыталіся пра ўцекачоў. Гэта не бальшыня насельніцтва, але сярэдняя кляса ведае, што адбываецца».

Палітычныя сымпатыі ў краіне вельмі часта дзеляцца паводле рэгіёнаў. Галоўныя канкурэнты — поўдзень і поўнач. Там жывуць розныя плямёны. Гэта нярэдка відаць падчас галасаваньняў на выбарах.

«Пытаньні гендэрнай роўнасьці стараліся ўздымаць падчас кампаніі і мужчыны»

Вераніка асабліва цёпла згадвае жанчын у Сьера-Леонэ і кажа, што захапляецца імі. Іхныя стартавыя ўмовы значна цяжэйшыя, чым у жанчын у Эўропе, пры гэтым яны намагаюцца атрымаць адукацыю і працаваць. Жанчын там шмат і ў дзяржаўных структурах. У краіне дзейнічае заканадаўчая квота для жанчын. Па выніках выбараў яны гэтую квоту перасягнулі. Больш за 30% дэпутатаў парлямэнту — жанчыны.

«Жанчыны намагаліся актыўна ўдзельнічаць у кампаніі. Яны актыўныя ў сацыяльных сетках і публічнай прасторы. Сярод кандыдатаў у прэзыдэнта жанчына была адна. Але пытаньні гендэрнай роўнасьці стараліся ўздымаць перад выбарнікамі і кандыдаты-мужчыны. Гэтаму можна павучыцца многім краінам з нашага рэгіёну. І гэта вельмі натуральна для іх, не крамольна». — расказвае Вераніка.

Яшчэ некаторы час таму ў розных рэгіёнах краіны існавала праблема з раньнімі цяжарнасьцямі. Нярэдка дзяўчаткі расплочваліся сэксам з кіроўцамі, якія падвозілі іх у школу. У некаторых рэгіёнах такая праблема яшчэ існуе. Тэндэнцыя прыязных жанчынам наратываў прыкметная, лічыць Вераніка.

Вольны час сьера-леонцы праводзяць зь сябрамі, сем’ямі, у барах, п’юць мясцовае піва. На выходныя ладзяць пікнікі, едуць на акіян, гуляюць на пляжах у футбол. Любяць сьпяваць, танцаваць. Бальшыня ў пятніцу ідзе ў мячэць, у нядзелю — у касьцёл.

«Мне вельмі пашанцавала, бо я шмат чула пра сьера-леонцаў, што гэта добразычлівыя людзі, адныя з самых адкрытых у Афрыцы. Не трымаюць зла за каляніяльную мінуўшчыну. Многія памятаюць грамадзянскую вайну і расказвалі, як яны гэта пераадолелі. Казалі, што трэба жыць далей, трэба забыцца на гэта і неяк пераадолець, нягледзячы на тое, што былі пакуты і сьмерці блізкіх. Я неяк праяжджала каля пляжу і ўбачыла футбольную каманду мужчын на мыліцах, з адрэзанымі рукамі і нагамі. Падчас грамадзянскай вайны яны былі дзецьмі і ім адсеклі мачэтэ рукі і ногі. Яны вырасьлі і жывуць далей, хочуць жыць. Гэтаму ў іх варта вучыцца», — гаворыць Вераніка Лапуцька.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG