Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нагорным Карабаху заявілі пра 27 загінулых у выніку азэрбайджанскай атакі 19 верасьня


Старыя і дзеці ў сховішчы ў Сьцепанакерце падчас атакі Азэрбайджану на горад, 19 верасьня 2023
Старыя і дзеці ў сховішчы ў Сьцепанакерце падчас атакі Азэрбайджану на горад, 19 верасьня 2023

Паведамляецца, што ў рэгіёне ёсьць ахвяры і сярод мірных жыхароў.

Па выніках ваеннай апэрацыі, праведзенай азэрбайджанскай арміяй у Карабаху, удады ў Баку паведамілі, што «60 пазыцый узброеных сіл Армэніі знаходзяцца пад кантролем». Пра гэта напісала агенцтва АзерТАдж са спасылкай на словы кіраўніка прэс-службы Міністэрства абароны палкоўніка Анара Эйвазава.

Чыноўнік зьняпраўдзіў інфармацыю аб абстрэле цывільных аб’ектаў, апублікаваную раней у армянскіх СМІ.

Армэнія, аднак, заявіла пра тое, што яе ўзброеных сіл на тэрыторыі Нагорнага Карабаху няма.

Армянская служба Радыё Свабода Азатуцюн са спасылкай на Гегама Сьцепаньяна, амбудсмэна ў непрызнаным Нагорным Карабаху, паведамляе, што ў выніку вайсковай апэрацыі азэрбайджанскай арміі загінулі 27 чалавек, двое зь іх — мірныя жыхары. Па словах Сьцепаньяна, яшчэ 138 чалавек атрымалі раненьні, зь іх 29 — мірныя жыхары.

Таксама Азатуцюн паведамляе са спасылкай на інфармацыю Міністэрства абароны Расеі, што расейскія міратворцы ў Карабаху арганізавалі эвакуацыю 469 жыхароў з найбольш небясьпечных раёнаў рэгіёну. Камандаваньне расейскага міратворчага кантынгенту заклікала бакі неадкладна спыніць агонь.

Расейскае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва ТАСС са спасылкай на крыніцы ў ААН паведамляе, што паседжаньне Рады Бясьпекі ААН аб сытуацыі ў Карабаху заплянаванае на 21 верасьня.

  • Тэрыторыя Нагорнага Карабаху паводле міжнароднага права лічыцца часткай Азэрбайджану. Насельніцтва рэгіёну пераважна складаюць этнічныя армяне.
  • З пачатку 1990-х гадоў Баку не кантраляваў большую частку рэгіёну.
  • Прадстаўнікі армянскай грамады абвясьцілі незалежную рэспубліку, якой не прызнала ніводная дзяржава, у тым ліку і Армэнія.
  • У выніках кароткатэрміновай вайны ўвосень 2020 году Азэрбайджан і Армэнія пры пасярэдніцтве Расеі падпісалі пагадненьне аб спыненьні баявых дзеяньняў.
  • Баку вярнуў пад кантроль значную частку тэрыторыяў Нагорнага Карабаху і прылеглых раёнаў Азэрбайджану, занятых армянскімі войскамі ў пачатку 1990-х гадоў. У рэгіёне былі размешчаныя расейскія міратворчыя сілы.
  • Прэмʼер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян заявіў, што расейскія міратворцы ня выканалі сваіх абавязаньняў і не забясьпечылі кантроль над Лачынскім калідорам — адзінай трасай, якая злучае Армэнію і падкантрольную этнічным армянам тэрыторыю Нагорнага Карабаху.
  • З Нагорнага Карабаху паступаюць паведамленьні аб недахопе харчу, паліва і мэдыкамэнтаў, як сьцьвярджаецца, праз блякаваньне рэгіёну азэрбайджанскімі вайскоўцамі. Баку ўсе абвінавачаньні адпрэчвае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG