У адным з манастыроў на сьвятой гары Афон двое манахаў — румын і беларус — пасьля ўжываньня алькаголю пасварыліся, пасьля чаго першы пабіў другога. Пра гэта пішуць грэцкія СМІ.
Інцыдэнт адбыўся ў нядзелю 17 верасьня каля 18:30 у двары сэрбскага манастыра Хіландар.
Паводле папярэдняй інфармацыі, манахі выпілі дзьве бутэлькі віна, пасьля чаго паміж імі разгарэўся канфлікт — мяркуецца, ад спрэчкі ў пытаньнях багаслоўя.
Удакладняецца, што 35-гадовы румын біў 52-гадовага беларуса рукамі і нагамі, а таксама плястыкавай бутэлькай. У выніку той атрымаў пашкоджаньні. Пацярпелага даставілі ў мэдычны цэнтар «Карыён» і аказалі там першую дапамогу. А затым — у лякарню гораду Палігірас, дзе ён праходзіў лячэньне з траўмамі твару.
Беларус заявіў, што ня хоча прыцягваць да адказнасьці румына, ён ня выказаў жаданьня, каб пабоі зафіксаваў судмэдэкспэрт.
Аднак грэцкая паліцыя затрымала румына, манаха падазраюць у нанясеньні цялесных пашкоджаньняў. Справу разгледзіць суд у справах аб няцяжкіх правапарушэньнях у Салёніках.