Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША, Вялікая Брытанія і Канада ўвялі дадатковыя санкцыі супраць Ірану


Партрэт Махсы Аміні ў руках удзельніка пратэстаў
Партрэт Махсы Аміні ў руках удзельніка пратэстаў

Новыя санкцыі ўвялі напярэдадні гадавіны гібелі Махсы Аміні, якая знаходзілася пад вартай іранскай паліцыі маралі.

Сьмерць Махсы Аміні летась выклікала некалькі месяцаў антыўрадавых пратэстаў, якія часта сутыкаліся з гвалтоўнымі рэпрэсіямі. 22-гадовая Аміні памерла 16 верасьня 2022 года пасьля таго, як яе арыштавалі нібыта за парушэньне абавязковага дрэс-коду Ісламскай Рэспублікі. Іранскія сілы бясьпекі разгорнутыя ў родным горадзе Аміні ў чаканьні беспарадкаў у гэтыя выходныя, піша Голас Амэрыкі.

ЗША, Вялікая Брытанія і Канада разам з Эўрапейскім зьвязам абвясьцілі аб увядзеньні шматлікіх санкцый супраць Ірану, спасылаючыся на шырокае і часта гвалтоўнае падаўленьне пратэстаў у краіне.

«Трагічная і бессэнсоўная сьмерць Махсы ў зьняволеньні так званай „паліцыі маралі“ Ірану выклікала дэманстрацыі па ўсім Іране, якія сутыкнуліся зь невымоўным гвалтам, масавымі арыштамі, сыстэматычнымі парушэньнямі працы інтэрнэту і цэнзурай з боку іранскага рэжыму», — заявіў дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен.

Канада, Аўстралія і іншыя партнэры Вашынгтону таксама ўвялі санкцыі на гэтым тыдні.

У асобнай заяве Міністэрства фінансаў ЗША заявіла, што ўвяло санкцыі ў дачыненьні больш чым двух дзясяткаў людзей і арганізацый, зьвязаных з «гвалтоўным падаўленьнем» пратэстаў у Іране пасьля сьмерці Аміні, падаўленьнем галасоў нязгодных і абмежаваньнямі на Інтэрнэт.

Новыя санкцыі накіраваныя на 29 чалавек і групаў, у тым ліку 18 ключавых членаў Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі і праваахоўных сіл Ірану, а таксама кіраўніка турэмных арганізацый Ірану. Яны таксама скіраваныя на чыноўнікаў, зьвязаных з блякаваньнем Інтэрнэту ў Іране, і некалькі СМІ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG