Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад паветранай трывогі да бомбасховішчаў. У Румыніі ўводзяць дадатковыя захады бясьпекі ў памежных з Украінай раёнах


У Румыніі вывучаюць рэшткі знойдзеных на сваёй тэрыторыі дронаў пасьля расейскай атакі на Ўкраіну, 6 верасьня 2023
У Румыніі вывучаюць рэшткі знойдзеных на сваёй тэрыторыі дронаў пасьля расейскай атакі на Ўкраіну, 6 верасьня 2023

Пасьля падзеньня абломкаў дронаў у часе расейскай атакі на порты ў Адэскай вобласьці ўлады Румыніі пераглядаюць сыстэмы бясьпекі жыхароў памежных з Украінай тэрыторый.

Нацыянальны камітэт надзвычайных сытуацый Румыніі 8 верасьня ўхваліў рашэньне, якое дазваляе зрабіць дадатковыя захады бясьпекі ў раёнах на румынскім беразе ракі Дунай, якія мяжуюць з украінскімі партамі Рэні і Ізмаіл (Адэская вобласьць), што цярпяць ад сыстэматычных абстрэлаў расейскай арміі.

Як паведаміла выданьне Digi24, сярод такіх захадаў — стварэньне бомбасховішчаў і рассылка паведамленьняў трывогі ў раёнах з выяўленай рызыкай падзеньня «элемэнтаў, якія адносяцца да баявых сродкаў, што выкарыстоўваюцца ў канфлікце».

Апроч гэтага, акруговыя інспэкцыі па надзвычайных сытуацыях павінны інструктаваць мясцовых жыхароў, што рабіць у такіх сытуацыях, а ў населеных пунктах Пляўру, Чатальк'ёй і іншых пабудуюць укрыцьці або вызначаць памяшканьні, якія могуць выконваць функцыі бомбасховішчаў.

Што папярэднічала

4 верасьня, пасьля чарговай атакі Расеі на прыпортавую інфраструктуру ў Адэскай вобласьці, афіцыйны прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Украіны Алег Нікаленка паведаміў, што некалькі дронаў заляцелі на тэрыторыю Румыніі і там выбухнулі.

«Гэта чарговае пацьвярджэньне таго, што расейскі ракетны тэрор нясе вялікую пагрозу ня толькі бясьпецы Ўкраіны, але і бясьпецы суседніх краін, у тым ліку дзяржаў NATO», — заявіў Алег Нікаленка.

У Міністэрстве абароны Румыніі асудзілі гэтую атаку Расеі па порце ў Рэні Адэскай вобласьці і адзначылі, што «атакі бесьпілётнікаў, праведзеныя Расейскай Фэдэрацыяй, не стваралі непасрэднай ваеннай пагрозы нацыянальнай тэрыторыі або тэрытарыяльным водам Румыніі». Аднак пазьней прызналі гэты факт.

6 верасьня прэзыдэнт Румыніі Кляўс Яганіс заявіў, што калі пацьвердзіцца, што знойдзеныя дэталі належаць расейскаму бесьпілётніку, гэта будзе «сур’ёзным парушэньнем».

Міністар абароны Румыніі Анджэл Тылвэр сказаў, што людзей з прылеглай да падзеньня частак дрона тэрыторыі не эвакуявалі, бо няма нічога, што сьведчыць аб тым, што часткі нясуць пагрозу. Кавалкі прааналізуюць, каб пацьвердзіць іх паходжаньне.

На відэа і фотаздымках у сацыяльных сетках паказвалі выбух на румынскім баку ракі Дунай, насупраць украінскага Ізмаілу. Агенцтву Reuters удалося пацьвердзіць месца выбуху, але пакуль не пацьвердзіліся прычына выбуху і дата здымкаў.

Раней два чалавекі загінулі ў Польшчы ў выніку падзеньня ракеты, якая ўпала каля мяжы ў лістападзе 2022 году. Пазьней Польшча і яе хаўрусьнікі па NATO заявілі, што гэта была асечка ўкраінскай ракеты супрацьпаветранай абароны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG