Жыхарку Наваполацку аштрафавалі за фатаздымак белага сабакі ў чырвоным камбінэзоне і подпіс «Жыве Беларусь! Насилию нет!»
Праваабаронцы высьветлілі працяг гісторыі ціску на сям’ю Грудніцкіх. Наваполацкага лекара-стаматоляга Аляксандра Грудніцкага двойчы асудзілі на 15 сутак, ягоную жонку Алу Грудніцкую двойчы аштрафавалі. Апошні штраф, які прысудзіла судзьдзя Наваполацкага гарсуду Зінаіда Балаболава, складае 3700 рублёў — 100 базавых велічынь. Апрача гэтага, у жанчыны забралі ў заклад два тэлефоны, каб змусіць яе сплаціць абодва штрафы, агульная сума якіх — 4810 рублёў.
22 жніўня Алу абвінавацілі ў «несанкцыянаваным пікетаваньні». Паводле міліцэйскага пратаколу, «пікетаваньне» заключалася ў тым, што жанчына разьмясьціла ў сацыяльнай сетцы «Аднаклясьнікі» фатаздымак белага сабакі ў камбінэзоне чырвонага колеру. Пад фатаздымкам быў подпіс «Жыве Беларусь!!!!! Насилию нет!!!».
Сваёй віны жанчына не прызнала на ніводным з судовых працэсаў.
Затрыманага за камэнтары пра расейцаў грамадзяніна Туркмэністану хочуць дэпартаваць зь Беларусі
Пра затрыманьне грамадзяніна Туркмэністану Мэйліса Матдурдыева праваабаронцам стала вядома 2 верасьня. На відэа сілавікоў затрыманы кажа, што 10 гадоў жыве ў Беларусі, скончыў у нашай краіне мэдунівэрсытэт, апошні час працуе бармэнам. Паводле мужчыны, затрымалі яго за падпіскі на «экстрэмісцкія» каналы, а таксама абразьлівыя камэнтары ў дачыненьні да грамадзян Расеі.
Паводле інфармацыі Grodno_grab, Мэйліса пазбавілі дазволу на жыхарства і прызначылі дэпартацыю, а таксама штраф у памеры 900 рублёў.
За тату «Москаляку на гіляку» затрымалі супрацоўніка менскага гіпэрмаркету
Пра затрыманьне мужчыны за татуіроўку паведамілі праваабаронцы з спасылкай на праўладныя тэлеграм-каналы.
Сьветлагорскі тэлеканал «Ранак» прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем»
Рашэньне аб прызнаньні тэлеканала «Ранак» «экстрэмісцкім фармаваньнем» прыняло МУС 5 верасьня.
11 чэрвеня ў Сьветлагорску затрымалі восем супрацоўнікаў тэлеканалу «Ранак». Сапраўднай прычынай для затрыманьня мог стаць сюжэт пра выбух на Сьветлагорскім ЦКК, у якім загінулі тры чалавекі, мяркуюць праваабаронцы.
На ўсіх затрыманых склалі пратаколы паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП. Мужчынам прысудзілі па 7 дзён адміністрацыйнага арышту, жанчынам — штрафы ў памеры 25 б. в.