Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аб’яднаны пераходны кабінэт пра выдачу пашпартоў у пасольствах: «Рэжым Лукашэнкі адмаўляецца выконваць дзяржаўныя функцыі»


Валер Кавалеўскі
Валер Кавалеўскі

З нагоды ўказу Лукашэнкі выказалася Сьвятлана Ціханоўская.

Намесьнік кіраўніцы Кабінэту Валер Кавалеўскі выказаў агульную пазыцыю Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі ў сувязі з указам № 278, які можа пазбавіць беларусаў магчымасьці атрымліваць і абменьваць пашпарты Рэспублікі Беларусь па-за межамі краіны:

«Гэта яшчэ адзін рэпрэсіўны мэханізм з боку рэжыму Лукашэнкі, які робіць праект нацыянальнага пашпарта новай Беларусі яшчэ больш актуальным для ўсіх беларусаў. Відавочна, што злачынны рэжым адмаўляецца выконваць свае базавыя абавязкі перад грамадзянамі Беларусі, пераўтвараючы звычайныя дзяржаўныя функцыі ў элемэнт ціску і рэпрэсій. Гэта чарговы крок у пошуку „ворагаў“, парушэньне фундамэнтальных правоў грамадзян і людзей, які яшчэ раз дэманструе ўсім антынародную сутнасьць рэжыму ўзурпатара».

Узгадаў Кавалеўскі і «пашпарт новай Беларусі».

«Нацыянальны пашпарт новай Беларусі — гэта ня толькі тактычнае вырашэньне праблемы беларусаў замежжа, але стратэгічны праект для ўсіх беларусаў, як за мяжою, так і ўнутры краіны. Такім чынам мы ня проста вырашым практычнае пытаньне дня сёньняшняга, але і замацуем беларускую нацыю як субʼект, мы будзем абʼяднаныя праз гэты дакумэнт, дзе б мы ні знаходзіліся».

Сьвятлана Ціханоўская засьцерагла беларусаў замежжа, якім пагражае перасьлед на радзіме, ад вяртаньня ў краіну, пакуль ёю кіруе старая ўлада. Ціханоўская пацьвердзіла, што яна з камандай працуе над міжнародным прызнаньнем «нацыянальнага пашпарта новай Беларусі».

«Мы ладзім кансультацыі з тымі краінамі, дзе знаходзяцца беларусы, каб вырашаць праблемы на заканадаўчым і выканаўчым узроўні. Ужо ў гэтым месяцы мы правядзем кансультацыі з Эўракамісіяй, а таксама я ўзьніму гэтае пытаньне перад Эўрапарлямэнтам і падчас Генасамблеі ААН.

Ужо цяпер Польшча і Літва выдаюць праязныя дакумэнты — так званы „пашпарт замежніка“ — для беларусаў, у якіх скончыўся тэрмін дзеяньня пашпарта або скончыліся старонкі, але ёсьць дазвол на пастаяннае пражываньне, часовае знаходжаньне або іншыя дакумэнты, якія даюць права легальна знаходзіцца ў краіне. Мы ведаем аб праблемах зь легалізацыяй дзяцей беларускіх грамадзян, якія нарадзіліся пасьля 2020 году не ў Беларусі, і працуем над іх вырашэньнем», — адзначыла Ціханоўская.

У беларускіх консульствах у Латвіі і Літве раней Свабодзе паведамілі, што пакуль ня ведаюць усіх падрабязнасьцяў новага ўказу і чакаюць паясьненьняў. Калі тыя зьявяцца, неабходную інфармацыю дыпляматычныя місіі апублікуюць на сваіх старонках у сеціве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG