Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЗС Кубы заявілі, што Расея вэрбавала кубінцаў на вайну ва Ўкраіну празь сетку гандлю людзьмі


Гавана, сталіца Кубы. Ілюстрацыйнае фота
Гавана, сталіца Кубы. Ілюстрацыйнае фота

На асоб, якія мелі дачыненьне да гэтых дзеяньняў, завялі крымінальныя справы.

У Міністэрстве замежных спраў Кубы заявілі, што раскрылі сетку гандлю людзьмі, празь якую ў Расеі вэрбавалі кубінскіх грамадзян на вайну ва Ўкраіну.

«Міністэрства ўнутраных спраў выявіла і працуе над нэўтралізацыяй і ліквідацыяй сеткі гандлю людзьмі, якая дзейнічае з Расеі, каб уключаць грамадзян Кубы, якія пражываюць там, і нават некаторых, якія пражываюць у Кубе, у вайсковыя сілы, што ўдзельнічаюць у ваенных апэрацыях ва Ўкраіне. Такія спробы былі нэўтралізаваныя, а на асоб, якія мелі дачыненьне да гэтых дзеяньняў, завялі крымінальныя справы», — адзначаецца ў адпаведнай заяве МЗС Кубы, апублікаванай 4 верасьня.

У Гаване падкрэсьлілі, што такія дзеяньні чыняць «ворагі» краіны, каб ачарніць яе імідж і прадставіць саўдзельніцай дзеяньняў, якія Куба «рашуча не прымае».

У дыпляматычным ведамстве краіны заявілі, што Куба ня ўдзельнічае ў вайне ва Ўкраіне.

«Яна [Куба] дзейнічае і будзе дзейнічаць рашуча супраць тых, хто на нацыянальнай тэрыторыі ўдзельнічае ў любой форме гандлю людзьмі з мэтай найміцтва або вэрбаваньня, каб кубінскія грамадзяне маглі ўзяць зброю супраць любой краіны», — дадаецца ў заяве.

Расейскі бок пакуль не камэнтаваў гэтай заявы Гаваны.

Як паведаміла агенцтва Reuters, у траўні 2023 году разанская расейская газэта паведаміла, што некалькі грамадзян Кубы падпісалі кантракты з расейскімі ўзброенымі сіламі і былі адпраўленыя ва Ўкраіну ў абмен на расейскае грамадзянства.


Ва Ўкраіне ваююць прадстаўнікі розных краін — як на баку Расеі, так і Ўкраіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG