Пра гэта паведамляе «Эўрапейскае радыё для Беларусі».
Яно спасылаецца на выпадак, які адбыўся ў Фрунзенскім раёне Менску, пра які напісала прэсавая служба сталічнай міліцыі. Мінчанцы затэлэфанавала дзяўчына, якая назвалася супрацоўніцай Сьледчага камітэту. Яна заявіла, быццам невядомы мужчына адкрыў рахунак на імя пацярпелай і перавёў зь яго грошы на фінансаваньне «экстрэмісцкай дзейнасьці».
Мінчанцы прапанавалі дапамагчы сьледзтву і «легалізаваць свае ашчаджэньні». Ёй загадалі адкрыць рахунак у банку і перавесьці на яго ўсе свае грошы. Жанчына паверыла — і праз 15 хвілінаў зь яе карты сьпісалі каля шасьці тысяч рублёў.
У Беларусі заводзяць крымінальныя справы на людзей, якія пералічвалі сродкі фондам салідарнасьці. Гэтыя дзеяньні ўлады называюць «фінансаваньнем экстрэмісцкай дзейнасьці». У некаторых выпадках беларусам прапануюць «кампэнсаваць» такія плацяжы, перавёўшы грошы нібы на дзяржаўныя рахункі ў кратным памеры.