Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У амэрыканскай вайсковай акадэміі West Point ускрылі знойдзеную ў помніку Тадэвушу Касьцюшку капсулу. Што ў ёй?


Тадэвуш Касьцюшка, малюнак 1820 году.
Тадэвуш Касьцюшка, малюнак 1820 году.

У канцы траўня 2023 году брыгада будаўнікоў разьбірала трэснуты пастамэнт помніка Касцюшку ў акадэміі West Point у ЗША і знайшла ўнутры скрыню.

Амэрыканскія навукоўцы і вайскоўцы прыйшлі да высновы, што гэта капсула часу, зьмешчаная туды курсантамі.

Лічыцца, што гэта капсула часу 1829 году, калі акадэмію скончыў кадэт са штату Вірджынія Робэрт Э. Лі.

Вайскоўцы выклікалі археоляга, які ўзяўся за вывучэньне скрыні. Артэфакт задакумэнтавалі і сфатаграфавалі. Некалькі тыдняў супрацоўнікі катэдры фізыкі і ядзернай інжынэрыі вайсковай акадэміі вывучалі капсулу з дапамогай магутнага рэнтгенаўскага апарата, але даведацца пра зьмесьціва капсулы нічога не ўдалося, бо скрыня была сьвінцовая.

Таму вырашылі ўскрыць скрынку ў жывым этэры на старонцы акадэміі на YouTube, што сёньня і зрабілі.

Удзельнікаў цырымоніі чакала расчараваньне. Скрыня аказалася пустою. Нічога, апрача некалькіх вапняных аскепкаў, унутры не знайшлі. Навукоўцы будуць далей вывучаць капсулу, спрабуючы знайсьці схаваны зьмест пасланьня зь мінуўшчыны або схаваныя надпісы.

  • Тадэвуш Касьцюшка — ураджэнец Беларусі, кіраўнік антырасейскага паўстаньня 1795 году, генэрал арміі ЗША, змагар за незалежнасьць Рэчы Паспалітай і Злучаных Штатаў Амэрыкі. Лічыцца нацыянальным героем Беларусі, Польшчы, ЗША.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG