«Скрайне малаверагодна, што 10 тысяч байцоў Вагнэра прыбудуць у Беларусь, гэтак жа, як і тое, што такая колькасьць вагнэраўцаў неабходная ў якасьці дарадцаў і інструктараў для дапамогі Лукашэнку ў стварэньні нявызначанай беларускай «кантрактнай арміі», — адзначае ў сваёй справаздачы ISW, на якую зьвярнуў увагу Белсат.
Паводле аналітыкаў Інстытуту вывучэньня вайны, «Лукашэнка пастаянна імкнецца прадставіць сябе сувэрэнным лідэрам, нягледзячы на тое, што Расея ў цяперашні час дэ-факта акупавала краіну, і, хутчэй за ўсё, ён спадзяецца, што ягоная ўнутраная аўдыторыя не ўспрыме амаль дакладна зьдзейсьненае Пуціным забойства Прыгожына як аднабаковае скасаваньне пагадненьняў, заключаных з Вагнэрам».
Інстытут вывучэньня вайны адзначае, што цягам апошніх тыдняў колькасьць наймітаў Вагнэра ў Беларусі толькі скарачаецца. Прызнаў дэмантаж лягеру пад Асіповічамі і Лукашэнка, спаслаўшыся на спадарожнікавы здымак, які апублікавала беларуская служба Радыё Свабода.