Кіраўнік Службы бясьпекі Ўкраіны Васіль Малюк распавёў дэталі мінулагодняй атакі на Крымскі мост. Аповяд Малюка публікуе ўкраінскае выданьне NV.ua.
Паводле кіраўніка СБУ, супрацоўнікі спэцслужбаў схавалі выбухоўку ў цэляфанавай плёнцы. СБУ разьлічыла таўшчыню плёнкі, дастатковую, каб схаваць ад мытных сканэраў напампаваныя сумесьсю гексагену мэталічныя цыліндры-наканечнікі.
«„Рулонамі“ забілі цэлы кантэйнер — іх сумарная вага ў тратылавым эквіваленце адпавядала 21 тонам», — кажа Малюк.
Малюк ня стаў раскрываць, як менавіта выбухоўку прывезьлі да моста. Паводле яго, украінцам удалося абысьці сканэры і глушыльнікі GPS на мосьце, і раніцай 8 кастрычніка 2022 году ўчыніць выбух.
Атаку на мост у анэксаваны Крым 17 ліпеня ажыцьцявілі з дапамогай надводнага бесьпілётніка. Колькасьць выбухоўкі, якую зараз можа несьці такі дрон, СБУ змагла давесьці амаль да сямі тысяч кіляграмаў, адзначыў Малюк.
«Распрацоўкай спэцапэрацыі займаўся я асабіста і двое маіх давераных супрацоўнікаў», — сказаў кіраўнік СБУ, прызнаўшы, што ўдзельнікі апэрацыі выкарыстоўвалі расейцаў «у цёмную».
«Мы сем колаў пекла прайшлі, выкарыстоўвалі ў цёмную столькі людзей! Расейцы „закрылі“ 22 чалавекі — пасадзілі ў турму. Інкрымінуюць ім усім саўдзел у тэрарыстычным акце. Хоць насамрэч яны займаліся звыклай для сябе штодзённай справай. Гэта былі звычайныя расейскія кантрабандысты», — распавёў Малюк.
- 17 ліпеня ў выніку атакі была выведзеная са строю аўтамабільная частка Крымскага моста, які зьвязвае Расею з анэксаваным паўвостравам, два чалавекі загінулі.
- 8 кастрычніка 2022 году на мосьце ўзарваўся грузавы аўтамабіль. У выніку абрынулася некалькі пралётаў. Расейскія ўлады назвалі выбух на мосьце тэрактам і абвінавацілі ў ім спэцслужбы Ўкраіны.
- Кіеў неаднаразова заяўляў, што лічыць мост легітымнай ваеннай мэтай, бо ён выкарыстоўваецца ў тым ліку і для забесьпячэньня расейскай групоўкі войскаў ва Ўкраіне. Пры гэтым украінскі бок неўзабаве пасьля нападаў сваё дачыненьне да арганізацыі выбухаў не пацьвярджаў.